Мужчына, які падпаліў людзей ў аўтамабілі, асуджаны на 23 гады зняволення

Мужчына, які падпаліў людзей ў аўтамабілі, асуджаны на 23 гады зняволення

Жыхар Лельчыцкага раёна, які наўмысна падпаліў людзей у аўтафургоне, асуджаны на 23 гады папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такое рашэнне прыняў Гомельскі абласны суд. Яго выязное паседжанне прайшло ў Лельчыцах, інфармуе БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, трагічнае здарэнне адбылося ў красавіку 2015 года. Рабочыя прадпрыемства меліярацыйных сістэмаў вярталіся ў фургоне з аб'екта ў Лельчыцы. Яны адзначалі дзень нараджэння аднаго з калегаў, амаль усе былі ў стане алкагольнага ап'янення. Раптоўна паміж мужчынамі ўзнікла сварка. Калі адзін з рабочых спаў, яго калегі пажартавалі — пафарбавалі яго пазногці чырвоным лакам. Мужчына адрэагаваў непрадказальна: выліў з каністры паліва, кінуў запалку, а сам скокнуў з машыны. У выніку, апёкі атрымалі чацвёра рабочых. Трое з іх памерлі ў бальніцы.

Мужчыну абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: забойстве, замаху на забойства і наўмысным знішчэнні альбо пашкоджанні маёмасці. Сваёй віны ён не прызнаў, сцвярджаў, што ўсё адбылося выпадкова: збіраўся прыкурыць, але запалка ўпала на падлогу і адбылася ўспышка. З мужчыны спагналі 209 млн стратаў, якія былі нанесеныя лельчыцкаму прадпрыемству. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу.

Фота: МНС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі