Музыкаў Tor band асудзілі агулам на 24,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму

Музыкі Tor band у судзе

Музыкі Tor band у судзе / gp.by

Музыкаў Tor band асудзілі агулам на 24,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы. Дзмітрый Галавач атрымаў 9 гадоў калоніі, Яўген Бурло — 8 гадоў, Андрэй Ярэмчык — 7,5 года. Для ўсіх — калонія ўзмоцненага рэжыму. Таксама музыкаў аштрафавалі на 3700 рублёў кожнага. Канфіскаваныя ноўтбук і мабільныя тэлефоны.

Палітвязняў судзілі ў Гомелі ў закрытым рэжыме з верасня. Музыкаў, чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе, абвінавацілі ў "распальванні варожасці", "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім", "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь", "абразе Лукашэнкі".

Падчас абвяшчэння прысуду Яўген Бурло быў на мыліцах і нават не мог устаць. Суддзя Сяргей Салоўскі дазволіў музыку слухаць прысуд седзячы. "Стан здароўя ў яго вельмі кепскі. Цяпер яго правяраюць яшчэ і на анкалогію", піша @radiosvaboda і дадае, што Бурло патрэбная аперацыя на пазваночніку.

Музыкаў гурта Tor Band затрымалі ў Рагачове ў кастрычніку 2022-га. Пазней Бурло, Галавача і Ярэмчыка некалькі разоў запар судзілі паводле адміністрацыйных пратаколаў, а пасля пачалі крымінальную справу і іх перавялі ў гомельскае СІЗА. Яны прызнаныя палітвязнямі.

Сёлета гурт Tor Band у РБ быў прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем", яго сацсеткі, песні, кліпы рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць таксама "экстрэмісцкімі". Кліпы на песні Tor Band "Мы — не "народец", "Жыве", "Кто, если не ты?!" набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі