“Мы вам падорым залаты батон”: як пранкер Ваван троліў Лукашэнку

Лукашэнка залатога батона так і не дачакаўся / калаж Улада Рубанава
Лукашэнка залатога батона так і не дачакаўся / калаж Улада Рубанава

Раней ён троліў Аляксандра Лукашэнку, а цяпер яго актыўна піярыць беларуская дзяржаўная прапаганда.

Еўрарадыё ўспамінае, як расійскі пранкер Vovan датэлефанаваўся да Лукашэнкі і якія наступствы гэта мела.  

16 чэрвеня 2014 года выданне LB.ua публікуе аўдыёзапіс тэлефоннай размовы. На ім малады чалавек, які называе сябе сынам Віктара Януковіча, размаўляе з чалавекам, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі (голас і манера размовы вельмі нагадваюць Лукашэнку).

Гістарычны кантэкст:

Ва Украіне толькі што прайшлі пазачарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Пётр Парашэнка. Расія анексавала паўвостраў Крым. У Луганскай і Данецкай абласцях праходзіць антытэрарыстычная аперацыя супраць сепаратыстаў, якія падтрымліваюцца Крамлём. Экс-прэзідэнт Віктар Януковіч збег у Расію.

Пра што размова?

“Віктар Віктаравіч” пытае пра магчымасць палітычнага прытулку для Віктара Фёдаравіча: “Цяпер у бацькі сітуацыя трохі не вельмі добрая, самі разумееце. Ці можна вырашыць пытанне, як бы запасны план, пераехаць да вас на нейкі час, калі такая сітуацыя будзе неабходная?”

Чалавек з голасам Лукашэнкі адказвае, што не мае права забараніць Януковічу прыехаць:

“Вы, напэўна, маю публічную заяву прапусцілі ў гэтым плане, калі мяне ў Кіеве, па-мойму, у Кіеве, пачалі журналісты дапытваць. Ну, вядома, не нашыя журналісты, а з таго флангу — замежныя. "Ці дасце вы Януковічу палітычны прытулак?" Я кажу, вы ведаеце, ён мяне пра гэта не прасіў, па-першае. Па-другое, ён ніякі не бежанец і бегаць нікуды не збіраецца. І, па-трэцяе, не забывайце, што ягоныя карані ў Беларусі, аж да таго, што там ёсць ягоная вёска, якую ён аднаўляў, дапамагаў жыхарам. Таму калі ён вырашыць вярнуцца ў сваю вёску на нейкі час ці назаўжды, што малаімаверна, я, вядома, нават не насмелюся пярэчыць гэтаму”.

Гутарка, відаць, пра вёску Янукі Віцебскай вобласці, з якой сапраўды паходзіць сям’я Віктара Януковіча і якую ён наведваў у 2003-м і 2006-м яшчэ да свайго прэзідэнцтва.

Далей чалавек з голасам Лукашэнкі прапануе суразмоўцу не хвалявацца: “Хай прыязджае. Сядзем недзе, пагаворым”.

“Малодшы Януковіч” абяцае шчодры падарунак за такую гасціннасць: “Мы вам падорым залаты батон! У нас застаўся яшчэ ў калекцыі”.

“Ха-ха-ха! Дзякуй, Віктар!” — чуваць у адказ сіплы смех.

Гістарычны кантэкст:

Залаты батон стаў адным з сімвалаў карупцыі падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча. Пасля яго ўцёкаў з краіны “батон” знайшлі ў былой рэзідэнцыі Міжгор’е сярод іншых прадметаў раскошы. 

“Мы вам падорым залаты батон”: як пранкер Ваван троліў Лукашэнку
Той самы залаты батон / zyalt.livejournal.com

У канцы размовы сіплы голас раіць Віктару Фёдаравічу “менш глядзець тэлівізар і чытаць газеты”.

“Дык ён цяпер толькі расійскае ТБ у асноўным глядзіць”, — заўважае “сын Януковіча”.

“Ну, я маю на ўвазе і расійскае таксама”, — вучыць інфармацыйнай гігіене сіплы голас. 

Што гэта было?

Сапраўднасць як мінімум аднаго суразмоўцы адразу выклікала сумневы. Неўзабаве свой удзел у размове абверг сам Віктар Януковіч-малодшы. Ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што не лічыць сябе "ўпаўнаважаным весці перамовы з кіраўнікамі іншых дзяржаваў" і сам высунуў версію: "Падобна, разыграў вядомы тэлефонны хуліган — пранкер Ваван".

Пранкер Ваван у дзень публікацыі размовы адмаўляўся ад каментароў, але не адмаўляў сваёй датычнаці:

"Я пакуль не каментую ўсю гэтую гісторыю. Каментары, я думаю, заўтра раніцай будуць, поўныя. Трэба патрымаць інтрыгу. Тым больш я сам яшчэ не разабраўся цалкам".

На наступны дзень, 17 чэрвеня, пранкер напісаў на сваёй старонцы "Вконтакте", што сапраўды размаўляў з Лукашэнкам — яшчэ 14 чэрвеня. Але зроблены ім запіс у інтэрнэт не выкладаў. Паводле яго словаў, ён збіраўся скарыстацца “дзіркай” у службе бяспекі Лукашэнкі і зрабіць некалькі званкоў. Аднак усё пайшло не па плане — хтосьці зліў яго першую размову. Сам Ваван лічыць, што за гэтым стаяць спецслужбы, якія праслухоўвалі Лукашэнку: “СБУ ці заходнія”.  

Якія былі наступствы? 

Прэс-служба Лукашэнкі ніяк не каментавала інцыдэнт. І толькі праз паўгода, 29 студзеня 2015-га, на пытанне пра Вавана адказаў сам Лукашэнка. Адбылося гэта на прэс-канферэнцыі для беларускіх і замежных СМІ.

"Мяне ніхто ніколі не разыгрываў. І ніякіх Ваванаў я не ведаю", — заявіў ён.

Лукашэнка тады сказаў, што нібыта "ніколі ніхто не злучыць з прэзідэнтам, калі чалавека не правераць. Тым больш калі гэта званок з-за мяжы". Ён згадаў, што "тады гэта была Пяткевіч, яна прапрацоўвала гэтае пытанне, нешта злучала, гаварыла, што нібыта з'явілася ў прэсе нейкая мая прамая размова, але гэта няпраўда".

“Мы вам падорым залаты батон”: як пранкер Ваван троліў Лукашэнку
Наталля Пяткевіч / "Камсамольская праўда"

Наталля Пяткевіч у нулявыя была прэс-сакратаркай Лукашэнкі. У 2011-м даслужылася да яго памочніцы, але ў кастрычніку 2014-га яе знялі з гэтай пасады. Паводле адной з версіі, няласку Лукашэнкі жанчына зазнала акурат пасля таго, як злучыла яго з фэйкавым “сынам Януковіча”.   

Што з ёй цяпер? Пяткевіч, нягледзячы на знаходжанне ў санкцыйным спісе ЗША, заўважылі ў Нью-Ёрку. Туды яна трапіла “па лініі ААН”. У 2018-м годзе былая чыноўніца выйшла замуж за дыпламата Валянціна Рыбакова, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН.

Ваван+Лексус

Ваван працягвае займацца тэлефонным хуліганствам — цяпер разам з іншым пранкерам, Лексусам. На радасць расійскай прапагандзе і z-паблікам, яны тэлефануюць заходнім палітыкам і зоркам шоу-бізнесу з жартамі сумнеўнай якасці.

Пасля тэлефанавання Лукашэнку прайшло 8 гадоў. Беларуская прапаганда нібыта забылася на той эпізод і працягвае рабіць выгляд, што “нічога не было”. Услед за расійскімі калегамі яны напоўніцу праслаўляюць пранкі адыёзнага дуэта. 

“Мы вам падорым залаты батон”: як пранкер Ваван троліў Лукашэнку
Ваван і Лексус / АНТ

1 чэрвеня Ваван і Лексус нават з’явіліся на АНТ у праграме прапагандыста Марата Маркава. Парачка пахвалілася спробай развесці Святлану Ціханоўскую. Спойлер: атрымалася не вельмі.

Яны пазванілі ёй пад выглядам экс-прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. На прапанову разам заспяваць гімн Украіны Ціханоўская спытала: “Навошта?” — а на прапанову пры сустрэчы бухнуць з “Пятром Аляксеевічам” сціпла адказала: “Ну, мы не бухаем”.

“Калі прапагандысты хацелі ўпэўніцца, што мы занятыя справай, — ну вось, упэўніліся”, пракаментавалі Еўрарадыё няўдалы пранк у Офісе Ціханоўскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі