Мядзведзеў: Калі Украіна падпіша дамову з ЕС, у Мытным саюзе яе не будзе
Кіраўнік расійскага ўраду выказаўся пра наступствы падпісання Кіевам пагаднення пра асацыяванае сяброўства з ЕС.
Паводле слоў Дзмітрыя Мядзведзева, пасля гэтага кроку "Украіне будзе вельмі цяжка ўступіць у Мытны саюз, калі яна гэтага захоча". Ён лічыць, што шанцы на паўнапраўнае сяброўства "практычна будуць нулявыя".
Мядзведзеў нагадаў, што Расія ад пачатку папярэджвала ўлады Украіны, што прынцыповае значэнне мае тое, каб усе сябры Мытнага саюзу мелі аднолькавы набор правоў і абавязкаў.
"А пагадненне па формуле "Расія, Казахстан, Беларусь + Украіна ці нейкая іншая краіна", нас не задавольвае, таму што мы хочам стварыць паўнавартасны Еўраазіяцкі эканамічны саюз, а не нейкае аморфнае аб'яднанне. І вось з гэтым мы будзе лічыцца і на будучае", — цытуе словы Мядзведзева "Интерфакс-Запад".
Нагадаем, што падпісанне пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам мусіць адбыцца на саміце "Усходняга партнёрства" ў лістападзе сёлета ў Вільні. Расія мае засцярогу, што пасля падпісання пагаднення Кіева з ЕС ва Украіну пойдуць тавары з Еўропы па нізкіх коштах, і гэта нанясе страты ўкраінскім вытворцам, адзначае РІА "Новости".
Фота — ria.ru