Мядзведзеў — беларусам: не трэба баяцца скарачэння суверэнітэту з-за інтэграцыі
Не трэба баяцца частковага скарачэння суверэнітэту з-за інтэграцыі. Пра гэта 5 снежня заявіў прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв'ю расійскім тэлеканалам. Паводле яго слоў, саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — вялікая каштоўнасць, а ўзровень інтэграцыі "вельмі высокі, нягледзячы на эмацыйны фон".
Мядзведзеў лічыць, што інтэграцыю Беларусі і Расіі трэба захаваць, а ўсе праблемныя пытанні ў беларуска-расійскіх адносінах вырашыць.
Заява расійскага прэм'ера прагучала амаль адначасова з выступам у Мінску ў Палацы Незалежнасці Аляксандра Лукашэнкі. Прамаўляючы перад дэпутатамі і сенатарамі, беларускі кіраўнік заявіў, што Беларусь ніколі не ўступіць у склад якой-небудзь краіны, у тым ліку і "брацкай Расіі". Адначасова інтэграцыйныя перамовы працягнуцца, сказаў Лукашэнка, і ён з Уладзімірам Пуціным прымуць рашэнне. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы агучыў праблемныя пытанні, якія так і не вырашаныя — няма дамовы аб пастаўках прыроднага газу, беларусы чакаюць кампенсацыю за "брудную" нафту, па-ранейшаму ўзнікаюць бар'еры для беларускіх тавараў на расійскім рынку. Таксама Лукашэнка заявіў пра існаванне ў атачэнні прэзідэнта Расіі "антыбеларусаў", якія на Пуціна "моцна ціснуць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.