Мядзведзеў: Па некаторых "дарожных мапах" трэба кансультацыі кіраўнікоў дзяржаў
Па некаторых "дарожных мапах" інтэграцыі Беларусі і Расіі патрэбная кансультацыя ў кіраўнікоў дзяржаў. Пра гэта расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў пасля пасяджэння Савет міністраў так званай Саюзнай дзяржавы.
Па яго словах, у рамках інтэграцыі Беларусі і Расіі распрацаваная 31 "дарожная мапа".
"Гаворка ідзе пра вельмі падрабязную траекторыю інтэграцыі практычна ва ўсіх сферах: энергетыка, фінансы, прамысловасць, аграрны комплекс, сувязь, макраэканоміка, падатковае рэгуляванне, грашова-крэдытная палітыка. Прычым усё гэта не пачынаецца "дарожнымі мапамі", а, па сутнасці, працягваецца пасля пры дапамозе іншых інструментаў, перш за ўсё — змяненняў у заканадаўстве", — патлумачыў кіраўнік расійскага ўрада.
Ён заявіў, што значная частка гэтых "дарожных мапаў" ужо ўзгодненая абодвума бакамі. Але некаторыя пытанні патрабуюць яшчэ перамоваў на ўзроўні ўрадаў. а то і кансультацыяў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.
"Прычым, падкрэсліваю: дзесьці рознагалоссі, якія захоўваюцца, носяць чыста тэхнічны характар і могуць быць ліквідаваныя за кошт акуратнай, уважлівай работы нашых урадаў, а дзесьці гэта досыць сур'ёзныя пытанні і разыходжанні ў падыходах, якія можна будзе ўрэгуляваць менавіта ў фармаце абмеркавання паміж двума кіраўнікамі дзяржаў, з удзелам урадаў дзвюх краін", — дадаў Мядзведзеў.
Па яго словах, новыя варыянты "дарожных мапаў" будуць падрыхтаваныя напрацягу бліжэйшага тыдня. Пасля гэтага іх зноў абмяркуюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.