МЗС: Дата перамоў кантактнай групы па Украіне пакуль не вызначаная
З'явіліся звесткі, быццам чарговая мінская сустрэча па Украіне можа адбыцца 16 студзеня.
Удзельнікі перамоў яшчэ не звярталіся ў МЗС Беларусі з просьбай пра арганізацыю сустрэчы на нейкі канкрэтны дзень.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.
Мірончык: “Пакуль што кансалідаванай прапановы ад удзельнікаў перамоў беларускі бок не атрымаў. Але калі мы такую прапанову канкрэтнай даты атрымаем, то мы гатовыя зрабіць усё патрэбнае для таго, каб арганізаваць неабходныя ўмовы для чарговай сустрэчы кантактнай групы ў Мінску”.
Суразмоўца Еўрарадыё адмовіўся ўдакладняць, ад каго канкрэтна павінна прыйсці гэтая “кансалідаваная прапанова” з указаннем дакладнай даты перамоваў. “Давайце не будзем паглыбляцца ў гэтыя тэхнічныя, але даволі важныя дэталі перамоўнага працэсу — хай гэта застанецца невядомай вашым слухачам дэталлю дыпламатычнай тэхнікі”, — кажа Мірончык.
Пра тое, што чарговая сустрэча кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе можа прайсці 16 студзеня ў Мінску, заявіў упаўнаважаны прадстаўнік самаабвешчанай ДНР у кантактнай групе Дзяніс Пушылін. Паводле яго слоў, ліст з адпаведнай прапановай прыйшоў да іх з АБСЕ.
Фота — Telegraf-EPA