МЗС Літвы прапануе пашырыць санкцыі ЕС супраць "Белавія"
МЗС Літвы прапануе пашырыць санкцыі Еўрасаюза супраць "Белавія". З-за таго, што беларуская авіякампанія перавозіць мігрантаў з аэрапорта ў Стамбуле. "Таму мы будзем прасіць ЕС пра пашырэнне санкцый супраць гэтай кампаніі", — цытуе словы міністра замежных спраў Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса ТАСС.
Ландсбергіс спаслаўся на даныя пра выкарыстанне для гэтых рэйсаў авіякампаніяй самалётаў, узятых у арэнду ў Даніі і Ірландыі. З дапамогай дадатковых санкцый у "Белавія" будуць абмежаваныя магчымасці арэнды, мяркуе літоўскі міністр.
Габрыэлюс Ландсбергіс наракае на тое, што кантакты з уладамі Турцыі ў справе скарачэння авіярэйсаў са Стамбула ў Мінск пакуль не далі плёну. Пасля таго, як рэйсы з Ірака ў Беларусь сталі адмяняцца, шлях праз Турцыю застаецца магчымасцю дастаўкі мігрантаў.
Пасля скандалу з пасадкай у Беларусі пасажырскага самалёта Ryanair і затрымання Рамана Пратасевіча, Сафіі Сапега для авіякампаніі "Белавія" еўрапейскія краіны закрылі неба. Яе самалёты могуць лятаць праз Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.