МЗС Польшчы назвала вызваленне Борыс першай пазітыўнай навіной за доўгі час
Анжаліка Борыс / hrodna.life
Міністэрства замежных спраў Польшчы пацвердзіла, што з старшыняі Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс знятыя абвінавачанні.
"Інфармацыя аб зняцці абвінавачанняў з прэзідэнта Саюза палякаў Беларусі — першая за доўгі час пазітыўная навіна з Мінска. Спадзяемся, што гэта сігнал пра змену стаўлення ўладаў Мiнска да палякаў у Беларусі і гатовасці да канструктыўнага дыялогу па двухбаковых пытаннях", — гаворыцца ў заяве МЗС.
Дыпламаты выказалі надзею, што неўзабаве Борыс зможа наведаць Польшчу. Разам з тым ведамства пацвердзіла свой намер дамагацца вызвалення журналіста Анджэя Пачобута, асуджанага ў Беларусі на 8 гадоў калоніі.
Як распавядала Еўрарадыё, зранку 4 красавіка Борыс, якая з мінулага года была пад хатнім арыштам, разам з маці выклікалі ў Мінск. Ёй уручылі пастанову пра спыненне крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.