МЗС Украіны: Беларусь перадала даныя пра расійскіх наймітаў
Беларусь перадала даныя пра расійскіх наймітаў. Пра гэта падчас анлайн-брыфінгу паведаміў міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба, паведамляе hromadske.ua. Ён згадаў пра "поўны спіс затрыманых". Яго раней абнародавалі ў афіцыйных беларускіх СМІ, а на тэлебачанні паказвалі расійскія пашпарты.
Кулеба згадаў учорашнюю сустрэчу ўкраінскага пасла з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. "Размова адбылася нармальна, на адрас Украіны якіх-небудзь абвінавачанняў не гучала", — адзначыў ён.
Спіс быў атрыманы ўкраінцамі ад беларускіх дыпламатаў. Афіцыйны Мінск просіць украінскія кампетэнтныя органы праверыць, ці ўдзельнічалі гэтыя асобы ў ваенных дзеяннях, у злачынствах на ўкраінскай тэрыторыі. Украінскі міністр не сказаў дакладна, колькі сярод затрыманых асоб з украінскім грамадзянствам (паводле яго слоў, "іх не сем").
Украіна спадзяецца на экстрадыцыю затрыманых расійскіх наймітаў з Беларусі.
33 расіян затрымалі ў Беларусі ўначы 29 ліпеня. Было заяўлена, што "прыбылі больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі сітуацыі ў перыяд выбарчай кампаніі", і яны з'яўляюцца байцамі прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. МЗС Расіі 30 ліпеня заявіла, што "спроба прадставіць здарэнне як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне". Сцвярджаецца, што затрыманыя былі ў нашай краіне "транзітам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.