На арэндную кватэру могуць прэтэндаваць чаргавікі, якія стаяць 20 гадоў!

"У Мінску 3,5 тысячы арэндных кватэр!" — нечакана кажа начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Аляксандр Аўраменка. 720 кватэр ўжо занялі навасёлы. Але дзе астатнія 2780 кватэр? Аляксандр Аўраменка ў каментарыі Еўрарадыё ўдакладняе:

"Усе 3,5 тысячы — заселеныя. Большасць з іх — гэта кватэры, якія былі службовымі, але па ўказе 563 пераведзеныя ў разрад арэндных. Там жылі людзі, іх ніхто не выганяе". Па словах чыноўніка, для 235 тысяч жыхароў сталіцы, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, гэтыя 3,5 тысячы — кропля.

На сайтах адміністрацый раёнаў знаходжу 12 кватэр і нават пяць пакояў у камунальных кватэрах, якія можна арандаваць. Кошт вагаецца ад 465 тысяч у месяц за пакой да 1,4 мільёна за двухпакаёўку.

У Першамайскім раёне сталіцы ў арэнду прапануюць тры памяшканні, два з іх — пакоі ў камунальных кватэрах. У службе “Адно вакно” мяне запрашаюць прыехаць і напісаць заяву. Патрэбны толькі пашпарт.

"Пераважнае права маюць тыя, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Заявы падаюць людзі нават з Брэста, яны тут працуюць. Але атрымліваюць такія кватэры 80-90-я гады пастаноўкі на ўлік. А далей, там суддзі, пракуроры, маладыя спецыялісты", — кажуць ў Першамайскім раёне і прыводзяць такі прыклад: калі заяўку падам я і той, хто стаіць у чарзе на жыллё 20 гадоў, дык кватэру аддадуць яму.

Перапытваю: А хто хутчэй атрымае кватэру, алкаголік, які стаіць у чарзе, ці я, калі на чарзе не стаю, але маю вельмі добрыя рэкамендацыі ад арэндадаўцаў. Хто не хоча такога арандатара?

"Не будзе плаціць, яго выселяць. Цяпер прасцей. Быў такі выпадак: атрымалі кватэру, стаялі на ўліку з 90-х гадоў, а праз паўгода прыйшлі зноў. Я пытаюся, чаго прыйшлі, а яны мне — выселілі за неаплату. Чаго даём? Ну, да нас жа яны прыходзяць чысценькімі", — кажа мне супрацоўніца "Аднаго вакна".

Выпрабоўваю ўдачу ў Ленінскім раёне сталіцы, тут прапаноўваюць сем кватэр. А ў чарзе на паляпшэнне ўмоў у раёне стаяць каля 30 тысяч чалавек.

"За тры гады, што гэтае арэнднае жыллё існуе, не было такога, каб той, хто не стаіць на ўліку, атрымаў арэнднае жыллё! У нас сотні заяў на адну кватэру. Калі адмаўляюцца адны, кватэру прапаноўваем наступнаму ў чарзе. Тэарэтычна, вы маеце права на арэнднае жыллё, але практычна шансаў у вас няма".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі