На аўкцыёне прададуць запавет Напалеона
Копія запавету, падпісанага французскім імператарам Напалеонам Банапартам, будзе выстаўленая на аўкцыён Друо 6 лістапада.
Чакаецца, што дакумент будзе каштаваць ад 80 да 120 тысяч еўра, паведамляе сайт podrobnosti.ua.
Арыгінал тастаменту захоўваецца ў Нацыянальных Архівах Парыжа. Копія была зробленая па просьбе самога Напалеона, які баяўся, што арыгінал будзе знішчаны.
Напалеон Банапарт напісаў некалькі тэкстаў запаветаў. Апошні, як сцвярджаюць гісторыкі, быў складзены паміж 13 і 29 красавіка 1821 года. Імператар сканаў 5 траўня таго ж года.
Дарэчы, летась у чэрвені французскі музей прадаў на аўкцыёне хатняе заданне Напалеона па англійскай мове за 325 тысяч еўра.