На будаўніцтве Беларускай АЭС не хапае каля 800 рабочых і спецыялістаў
На будаўніцтве Беларускай АЭС адчуваецца недахоп кадраў: агулам нестае каля 800 рабочых і спецыялістаў. Спецыялісты звальняюцца з-за значнага зніжэння заробкаў.
Пра гэта паведамляе лістападаўскі бюлетэнь Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі, пішуць "Беларускія навіны". Расійскае ведамства разам з Камітэтам дзяржкантролю Беларусі сёлета з траўня па верасень правярала ход будаўніцтва Беларускай АЭС.
Паведамляецца, што на працягу 2015 года года расійскі генпадрадчык "Атамбудэкспарт" не выконваў графік будаўніцтва атамнай станцыі. Напрыклад, будаўніча-мантажныя работы былі выкананыя на 80%, а пастаўка абсталявання — на 90%. У адставанні вінавацяць як расійскіх, так і беларускіх будаўнікоў.
Не выконваецца графік работаў на першым энергаблоку — тут адставанне складае адзін-тры месяцы. Таксама няма рэзерву па часе будаўніцтва карпусоў рэактара і турбіны, якая вызначае працягласць будаўніцтва ўсёй атамнай станцыі.
Адной з асноўных прычынаў адставання ад графіку называецца недастатковая колькасць будаўнікоў. Паводле звестак праверкі, заробкі спецыялістаў на будаўніцтве АЭС скараціліся ў сярэднім удвая. Гэта тлумачыцца цяжкім фінансавым становішчам, у тым ліку дэвальвацыяй расійскага рубля.