На гэтым тыдні ў Беларусь прыедуць прадстаўнікі ЕС, Еўрапарламента і ПАСЕ
Тым часам намесніца генсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід ужо знаходзіцца ў Мінску.
На гэтым тыдні ў Беларусь плануюць прыбыць з візітамі прадстаўнікі Еўрасаюза, Еўрапарламента і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ). Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Палітык паведаміў, што ў яго запланаваныя сустрэчы са спецдакладчыкам ПАСЕ Андрэа Рыгоні і намеснікам старшыні групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце Сандрай Калніеце.
На сустрэчы з Калніеце, прызначанай на 27 лютага, таксама плануецца прысутнасць лідараў Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева, а таксама сустаршыні аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўла Севярынца.
Па словах Лябедзькі, 23-24 лютага ў Мінску з візітам таксама знаходзіцца намесніца генсакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хельга Шмід. З ёй палітык мусіў сустрэцца 24 лютага. Аднак гэтую сустрэчу, кажа Лябедзька, з невядомых прычынаў адмянілі.
Фота — naviny.by