На кожнага беларуса на 8 мільёнаў сацыяльных паслуг штогод

"Па дадзеных Мінфіна, штогод дзяржава выдаткоўвае 8 мільёнаў на прадастаўленне сацыяльных паслуг ў разліку на аднаго чалавека — ЖКГ, адукацыя, культура, спорт, транспарт”, —  такая лічба са спасылкай на Мінфін гучыць падчас ток-шоў пра дармаедаў на БТ. Другая лічба яшчэ больш уражвае і здзіўляе: “Кожны працуючы забяспечвае фармаванне выдаткаў рэспубліканскага бюджэту ў памеры 12,5 мільёнаў рублёў у год”. Атрымоўваецца дзяржава атрымлівае ад кожнага беларуса больш, чым траціць на яго сацыяльныя патрэбы? Чаму тады нам кажуць, што камуналка і транспарт каштуе больш, чым мы думаем?

 

"8 мільёнаў — гэта нашая лічба, нават 8,1 мільён. Гэта менавіта сацыяльныя выдаткі", — пацвярджаюць у прэс-службе Міністэрства фінансаў. А вось з лічбай 12,5 мільёнаў праблема: “Не ведаем, мо гэта распрацоўка БТ? Мо ўзялі справаздачнасць па падатках і раздзялілі на ўсіх грамадзян?” — разважаюць у міністэрстве. — Плюс, ёсць яшчэ выдаткі на абарону, на бяспеку, на дарогі. Калі гэтыя выдаткі ўлічыць, тады лічба блізіцца да 12,5 мільёнаў. Казаць, што ўсё пакрываюць людзі нельга, бо будуюцца ж і садкі, прадпрыемствы плацяць падаткі”.

У Міністэрстве жыллёва-камунальных паслуг кажуць, што вылічыць, колькі з гэтых 8 мільёнаў рублёў ідзе канкрэтна на камуналку, нельга. Такіх звестак у Мінжылкамунгасе няма.

"25% пакрываюць беларусы, астатняе — дзяржава. А яшчэ перакрыжаванае субсідаванне, падаткі плацяць і прадпрыемствы".

І тут здзіўляюся я, бо, здаецца, у Мінфіне сядзяць не апошнія людзі і здольныя палічыць выдаткі на аднаго беларуса, на адно ведамства!

Культура ды спорт таксама адносяцца да сацыяльных дабротаў. Што тут пакрывае дзяржава? Даеш канцэрт Макса Каржа за сацыяльны кошт квітка!

Памочнік міністра культуры Аляксандр Карачун спачатку раіць звярнуцца ў Мінфін ды Белстат. А потым узгадвае выступ кіраўніка дзяржавы на адкрыцці Купалаўскага тэатра пасля рэканструкцыі.

"Ён (Лукашэнка – заўвага Еўрарадыё) сказаў, каб культура выходзіла на самаакупляльнасць! Але калі квіток будзе каштаваць 600 тысяч, тэатры прагараць!" — кажа памочнік міністра. Тое, што мы пакрываем за камуналку (25%) ды транспарт (каля 37%) — гэта дробязь. За квіткі плацім толькі  мо на 10-20 % ад коштаў.

У прыёмнай Мінаховы здароўя не ведаюць, дзе удакладніць, колькі грошай з 8,1 мільёна ідзе на медабслугоўванне аднаго чалавека. Разводзяць рукамі і ў Міністэрстве транспарту — такіх выкладак таксама няма! Але заўсёды напагатове ёсць лічба, колькі беларусы недаплачваюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі