На мяжы з Літвой са стральбой затрымалі групу жыхароў Пастаўскага раёна
На мяжы з Літвой са стральбой затрымалі групу жыхароў Пастаўскага раёна, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Здарэнне адбылося ўначы 6 ліпеня. Чацвёра мужчын былі заўважаны беларускімі памежнікамі ў лесе недалёка ад мяжы. Яны спрабавалі ўцячы на аўтамабілі, але іх спынілі. Толькі па колах памежнікі зрабілі сем стрэлаў.
Затрыманым 23-42 гады. У іх пры сабе і па месцы жыхарства (там правялі ператрусы) знайшлі цеплавізар, прыладу начнога бачання, шэсць рацый і навігатар. Чым займаліся мужчыны ў памежнай зоне, не ўдакладняецца.
У дачыненні іх распачалі адміністрацыйны працэс "за замах на незаконнае перасячэнне мяжы", за "парушэнне памежнага рэжыму" і "непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў памежслужбы". Таксама ў паведамленні Дзяржаўнага памежнага камітэта адзначаецца, што "пасля высвятлення ўсіх абставін дзеянням мужчын будзе дадзена прававая ацэнка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.