На нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалі мігрантаў і "праблемы, звязаныя з абаронай"
Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду з сілавікамі / БЕЛТА
27 верасня Аляксандр Лукашэнка збіраў у сябе кіраўнікоў сілавых структур. Тэмай нарады заяўлена сітуацыя на мяжы, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць не толькі сітуацыю з мігрантамі.
"Не трэба слупіцца толькі на гэтым пытанні. У нас вельмі сур'ёзныя іншыя, больш важныя праблемы. Праблемы, звязаныя з абаронай", — звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады.
Лукашэнка казаў пра войскі, якія "разварочваюцца ля межаў Беларусі" на тэрыторыі Польшчы і Літвы.
"Але самае сумнае — гэта Украіна. У нас адкрываецца новы, па-старому кажучы, фронт", — заявіў ён. Паводле яго слоў, ва Украіне "ствараюцца вучэбна-трэніровачныя лагеры ва ўсё большай колькасці, дзе навучаюць мэтанакіравана (і не толькі збеглых) працы па Беларусі". Акрамя таго, ва Украіну "цягнуць натаўскія войскі".
"Пад выглядам навучальных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы Злучаныя Штаты ствараюць на Украіне. Ясна, што нам трэба на гэта рэагаваць", — заявіў Лукашэнка. Ён распарадзіўся надаць асаблівую ўвагу ўкраінскім участку мяжы.
Пры гэтым сітуацыю з мігрантамі на мяжы ён назваў гуманітарнай катастрофай і заявіў, што "гэта ж не справа, што людзі пакутуюць".
У нарадзе ў Лукашэнкі бяруць удзел кіраўнік МУС Іван Кубракоў, старшыня КДБ Іван Церцель, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч і старшыня Дзяржаўнага пагранкамітэта Анатоль Лапо.
Нагадаем, суседнія краіны — Польшча, Літва і Латвія — з-за вялікай плыні нелегальных мігрантаў былі вымушаныя ўвесці на мяжы з Беларуссю надзвычайнае становішча. У гэтых краінах лічаць, што Мінск мае дачыненне да арганізацыі транзіту. Раней Лукашэнка казаў, што цяпер Беларусь будзе змагацца з нелегальнай міграцыяй "роўна настолькі, наколькі гэта неабходна і выгадна нашай краіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.