На навучанне беспрацоўных дзяржава выдаткоўвае амаль 4 мільёны долараў!

На сайце дзяржзакупак – 170 тэндэраў ад фондаў сацыяльнай абароны на навучанне беспрацоўных. На гэта збіраюцца выдаткаваць каля 34 мільярдаў рублёў!

Самыя хадавыя прафесіі, якім вучаць ў фондах сацыяльнай абароны пры гарвыканкамах, працоўныя – кіроўца аўтатранспарту, прадавец і будаўнік.

“80% патрабавання ад працадаўцаў — працоўныя спецыяльнасці”, — кажуць у Фондзе сацабароны Брэсцкага гарвыканкама. Тут выдаткавалі на навучанне беспрацоўных больш за 1,3 мільярда рублёў.

Але грошы з мясцовага бюджэту яшчэ не гарантыя, што працоўнае месца будзе занята. Да прыкладу, у Гродзенскім гарвыканкаме за 2013 год выдаткоўваюць 1,6 мільярда на навучанне беспрацоўных. Але да месца працы даходзяць каля 70% навучэнцаў.

“Розныя абставіны могуць быць: хто захворвае, хто зацяжарвае, пару-тройку чалавек з’язджае пасля навучання ў Расію, і мы незадаволеныя гэтым. Але гэта кропля ў моры”, — прыводзяць статыстыку ў Гродна.

У Гродзенскім гарвыканкаме дадаюць, што пасля скарачэння чыноўнікаў, 35 былых дзяржслужачых прышлі на біржу працы.

“З 35 чалавек – 13 пакуль не працаўладкаваныя. Але мы стараемся ўсіх уладкаваць. Мы праводзілі добрую папярэднюю працу: размаўлялі з людзьмі, складалі спісы, як толькі з’яўляліся новыя вакансіі – мы адразу скідвалі іх”, — у Гродне кажуць, што перажылі “скарачэнне чыноўнікаў на 25% па загадзе Лукашэнкі без рэвалюцый”.

Былыя чыноўнікі, а гэта з большага эканамісты-юрысты, пайшлі працаваць на прадпрыемствы горада.

Дарэчы, скарочаныя чыноўнікі Барысава таксама станавіліся на біржу працы, а вось ў Мінскім гарвыканкаме нават не прыгадваюць, каб іх атакавалі скарочаныя дзяржкадры.

“Мо некалькі чалавек ўсяго і было”, — распавядаюць у Мінгарвыканкаме. Тут на навучанне беспрацоўных запланавана выдаткаваць 5,5 мільярда з мясцовага бюджэту. Але колькі чалавек засталося на працы пасля навучання тут не гавораць – просяць прыслаць запыт. 

Самыя ж запатрабаваныя прафесіі ў Гродне — прадавец, повар і будаўнік.

“У нас будуецца многа гандлёвых цэнтраў, туды пастаянна патрэбныя людзі! Але недахоп кадраў яшчэ і таму, што па рэспубліцы апошнія два гады адчуваецца дэфіцыт працоўнай сілы. У нас узровень беспрацоўя па горадзе — 0,5 %! І гэта нас непакоіць, бо працоўных месцаў шмат, а канкурэнцыі ніякай. Павышаная цякучка, нізкі ўзровень кваліфікацыі – людзі бегаюць з адной працы на іншую, на адной працы націснулі – і ён ідзе працаваць на іншых”, — аналізуюць сітуацыю ў Гродне. То бок стандартны рычаг беларускіх уладаў на людзей “за лішняе слова адразу на звальненне” паступова паслабляецца.

У Барысаве, Наваполацку адзначаюць, што назбіраць беспрацоўных у групы навучэнцаў не так і лёгка.

“Вельмі цяжка збіраюцца ўсе групы. У нашых людзей ёсць магчымасць пайсці ў каледж, дык яны ідуць туды”, — кажуць у Барысаве. Тут таксама навучаюцца бясплатна, але маюць права працаўладкоўвацца дзе заўгодна – хоць за мяжой, нягледзячы на тое, што на навучанне была выдаткавана немаленькая сума.

Але калі на навучанне беспрацоўных выдаткоўваецца каля 30 мільярдаў рублёў, дык сярэдняя дапамога па беспрацоўю ў студзені-ліпені 2013 года складае каля 13 долараў. Такую дапамогу за студзень-ліпень 2013 года атрымалі 3835 беларускіх беспрацоўных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі