На перамовах Трампа і Кім Чэн Ына пагадненне не было падпісанае
На двухдзённых перамовах Дональда Трампа і Кім Чэн Ына пагадненне не было падпісанае. Саміт у Ханоі скончыўся раней запланаванага тэрміну. Сумеснай заявы не было, а абед лідараў ЗША і Паўночнай Карэі адмянілі, інфармуе "Бі-Бі-Сі".
Як вядома, галоўнае пытанне — ядзернае раззбраенне КНДР. Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс назвала сустрэчу ў сталіцы В'етнама "добрай і канструктыўнай". Лідары ЗША і Паўночнай Карэі "абмеркавалі розныя шляхі па прасоўванні дэнуклерызацыі" і цяпер "іх каманды з нецярпеннем чакаюць сустрэчы ў будучым".
Сустрэча Трампа і Кім Чэн Ына ў Ханоі была другой. Упершыню яны сустракаліся летам мінулага года ў Сінгапуры.
Санкцыі ЗША ў дачыненні КНДР захоўваюцца, заявіў Трамп. Для Пхеньяна гэта кепская навіна. Кім Чэн Ын вельмі хоча, каб яны былі знятыя. Але Дональд Трамп не спяшаецца. Ён паўтарае, што ў Паўночнай Карэі ёсць выдатны шанец, каб выйсці з ізаляцыі і здзейсніць эканамічны прарыў. Застаецца толькі заключыць здзелку.