На Рыжскі саміт ад Беларусі паедзе Андрэй Кабякоў?
У Брусэлі называюць імя прэм'ер-міністра Беларусі, у Рызе кажуць, што афіцыйнай заяўкі на саміт яшчэ няма.
На Рыжскім саміце "Усходняга партнёрства" Беларусь будзе прадстаўляць не Аляксандр Лукашэнка, а прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Пра гэта журналістам паведаміў еўракамісар Ёханэс Хан, перадае censor.net.ua.
Аднак у каментары Еўрарадыё в.а. кіраўніка прэс-службы МЗС Латвіі Іварс Ласіс не пацвердзіў гэтую інфармацыю. Па яго словах, афіцыйнага паведамлення з беларускага боку яшчэ не было:
Ласіс: "Мы яшчэ не атрымалі канчатковага пацвярджэння, хто будзе прадстаўляць Беларусь на саміце. Таму мы чакаем гэтую інфармацыю. Мы думаем, што гэта будзе прэм'ер-міністр ці міністр замежных спраў".
МЗС Беларусі пакуль не каментуе, хто ўзначаліць беларускую дэлегацыю ў Рызе.
Нагадаем, саміт "Усходняга партнёрства" пройдзе ў Рызе 21-22 траўня. Аляксандр Лукашэнка яшчэ не прысутнічаў ні на адным саміце "Усходняга партнёрства". Пасля падзеяў ва Украіне і міратворчых памкненняў афіцыйнага Мінска выказвалася меркаванне, што Лукашэнка можа прыняць удзел у саміце.
Фота — belaruspartisan.org