На тэст па рускай мове прыязджаюць з Украіны і прыходзяць у гіпсе

Чарга ў галоўны корпус БДУ расцягваецца на ўвесь дворык, абітурыенты пішуць рускую мову. Гэты прадмет сёлета здаюць 77 тысяч абітурыентаў. Учорашнія школьнікі нервуюцца. Старэйшыя — больш спакойныя. Некаторых праводзяць бацькі.

“Дачка пасля ліцэя БДУ паступае. Там добрая падрыхтоўка, таму я асабліва не хвалююся, Але галоўнае, каб на бюджэт”, — спадзяецца Наталля.

Не ўсе паспяваюць да пачатку 11-й.

Першым з тэставання выходзіць Вадзім, справіўся за 40 хвілінаў. Паступае ўжо другі раз, але асабліва ў ВНУ не імкнецца. Вадзім марыць стаць астраномам.

“Паспеў усе заданні запоўніць. Раней паступаў, але не было магчымасці вучыцца, праблемы былі. Не моцна планую паступаць, ужо 24 гады. Я хачу на астранамічны, на жаль, няма ў нас такога ў Беларусі”.

Пакуль у дворыку зацішша, абітурыенты пішуць. Бацькі п’юць каву, спакойна гуляе ахова. Але хутка будучыя студэнты хлынуць з аўдыторыі.

З тэставання выходзіць хлопец у гіпсе на назе! Кульгае, але ідзе да выхаду з дворыка БДУ. Бачна, што нервуецца і размаўляць асабліва не хоча.

“Дзяўчына кажа, столькі гадоў мне і без вышэйшай адукацыі”, — адзінае, што кідае абітурыент. Паступае дзеля дзяўчыны.

З корпусу ўніверсітэта ўжо выходзяць кожныя пару хвілін. Але гэта яшчэ старэйшыя, выпускнікі школ пакуль карпеюць над тэстамі.

Ганна прыехала у Мінск паступаць з украінскага Чарнігава. Хоць ва Украіне ўжо была студэнткай.

“Я хадзіла на курсы, каб падрыхтавацца. Летась паступала ва Украіне, але там усе гэтыя падзеі пачаліся, і вырашыла сюды паступаць. Там я паступіла ў Кіеўскі педагагічны на бюджэт. А тут хачу ў БДУ ці ў лінгвістычны на перакладчыка”, - тлумачыць Ганна.

  

Выпускніца мінскай школы Дар’я з тэставаннем спраўляецца за гадзіну, але чакае сяброў. Ідзе на філфак:

“Заданні былі нескладаныя, але трэба было падумаць, канечне”.

                

Здаюць і студэнты ўніверсітэта. Наста, якую знаходжу на адпачынку ў скверыку, напісала тэст менш, чым за гадзіну.

“Я на фізфаку вучуся, але раптам выганяць, тады ў Інстытут культуры паступлю”, — нечакана дзеліцца Наста, студэнтка БДУ.

                

Выпускнікі школ выходзяць з тэставання апошнімі, падоўгу рашаюць заданні, больш нервуюцца.

“Я не рыхтаваўся з рэпетытарам, паглядзім, што будзе”, — кажа Арцём. Ён хацеў бы быць патолагаанатамам, але ўжо запісаўся на іншыя тэсты, куды пойдзе, яшчэ не вырашыў.

Патокам сыходзіць з тэставання пачынаюць праз дзве гадзіны пасля пачатку. Большасць адразу ж хапаецца за мабільнікі: тэлефануюць бацькам ды знаёмым. Некаторыя лезуць у інтэрнэт праверыць, ці правільна адказаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі