На ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расіяй ЕС вылучае 170 мільёнаў еўра

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота

Еўрасаюз, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Еўракамісія пастанавіла вылучыць дадаткова 170 мільёнаў еўра для ўзмацнення памежнага кантролю на межах з Расіяй і Беларуссю, паведамляецца на сайце ЕК.

Гэтыя сродкі будуць размеркаваныя наступным чынам: 52 мільёны еўра атрымае Польшча, 50 — Фінляндыя, 19,4 — Эстонія, 17 — Латвія, 16,4 — Нарвегія, 15,4 — Літва.

Сродкі будуць накіраваныя на "мадэрнізацыю абсталявання электроннага назірання, паляпшэнне тэлекамунікацыйных сетак, разгортванне мабільных сродкаў выяўлення і процідзеяння ўварванням беспілотнікаў".

У рашэнні Еўракамісіі адзначаецца, што афіцыйныя Масква і Мінск выкарыстоўваюць нелегальных мігрантаў "у сваіх інтарэсах, ужываючы іх у варожых мэтах, не звяртаючы ўвагі на іх уразлівасць". Еўрасаюз называе гэтыя дзеянні гібрыднай вайной, скіраванай на дэстабілізацыю грамадства, падрыў адзінства ЕС і пагрозу бяспецы і цэласнасці Шэнгенскай зоны і Еўрасаюза ў цэлым.

Паводле звестак Еўракамісіі, у 2024 годзе колькасць нелегальных спробаў пераходу з Беларусі ў ЕС, асабліва на польскай мяжы, істотна вырасла — на 66% у параўнанні з 2023 годам. І 90% мігрантаў, якія нелегальна перасякаюць польска-беларускую мяжу, маюць расійскія студэнцкія ці турыстычныя візы.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі