Нацбанк выступіў з тлумачэннем Дэкрэта №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі"
Нацыянальны банк Беларусі выступіў з афіцыйным тлумачэннем дэкрэта №8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі", які кіраўнік дзяржавы падпісаў 21 снежня 2017 года.
Прэс-служба Нацбанка адзначае, што ім паступае вялікая колькасць зваротаў ад юрыдычных і фізічных асобаў наконт згаданага дэкрэта. У сувязі з гэтым Нацбанк падкрэслівае, што асноўныя палажэнні дэкрэта №8 набываюць моц праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. За гэты час Саўмін мусіць прывесці акты заканадаўства ў адпаведнасць з дэкрэтам №8.
Беларускі ўрад і Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій атрымалі права растлумачваць пытанні ўжывання дэкрэта №8 у частцы выкарыстання ў грамадзянскім абароце крыптовалют і дзейнасці з выкарыстаннем тэхналогіі блакчейн.
Нацбанк мае кампетэнцыю ў пытаннях, звязаных з правіламі ўнутранага кантролю банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый для прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці. Нацбанк унясе неабходныя дапаўненні ў нарматыўныя прававыя акты, якія ўлічваюць асаблівасці правядзення банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі разлікаў грашыма па аперацыях кліентаў, звязаным з набыццём і (або) адчужэннем лічбавых знакаў (токенаў).