Начальнік гродзенскай міліцыі: праверым тэлефон, калі вы правакуеце выглядам
Падпіска на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, цяпер не абавязкова будзе цягнуць за сабой адказнасць. Пра гэта заявіў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў, піша "Вечерний Гродно".
Па яго словах, генпракурор запатрабаваў караць толькі за экстрэмісцкія праявы. Імі будуць лічыцца разнастайныя заклікі — у тым ліку да прычынення цялесных траўмаў. Людзі, якія актыўна ўдзельнічаюць такіх ТГ-каналах, будуць лічыцца саўдзельнікамі.
"Калі ж чалавек падпісаўся па дурасці, спатыкнуўся, у яго была магчымасць адпісацца ад канала, але ён гэтага не зрабіў, але ў супольнасці ён не ўдзельнічае, прыцягваць яго да адказнасці — не зусім правільна. Таму ў кожным выпадку індывідуальна будзем разбірацца", — абяцае Разянкоў.
Пры гэтым ён заяўляе, што міліцыянт можа спыніць чалавека на вуліцы для праверкі тэлефона. Нават у тым разе, калі міліцыянту не спадабаўся выгляд мінака.
"Калі ёсць падставы, што вы здзейснілі правапарушэнне, ці ў нас ёсць пра вас нейкая інфармацыя, ці вы сваім выглядам правакуеце, даяце падставу, абавязкова праверым", — абяцае начальнік гродзенскай абласной міліцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.