Надрукаваны ліст наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова ў ЦРУ

Нагадаем, Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада 2012-га. Да лета ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ, суд праходзіў у Віцебску ў чэрвені-ліпені. Першапачаткова яго вінавацілі паводле двух артыкулаў: “Замах на злачынства” і “Здрада дзяржаве”. Гайдукову пагражала ад 7 да 15 гадоў зняволення. Аднак абвінавачванне было перакваліфікаванае.


Суд над Гайдуковым быў закрытым, таму пра яго справу вядома мала. У сённяшнім нумары "СБ. Беларусь сегодня" друкуе ліст, які Андрэй Гайдукоў перадаў у ЦРУ праз свайго сябра, які ехаў у Нямеччыну. Змест дакумента стаў вядомы КДБ Беларусі.



У лісце Гайдукоў прадстаўляецца сябрам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі "Саюз маладых інтэлектуалаў". Ён распавёў пра яе мэты, паведаміў, што "апазіцыя разгромлена", а яе "вядомыя лідары не маюць даверу грамадзян, неэфектыўна і не па прызначэнні размяркоўваюць фінансавую дапамогу", якая паступае з Еўропы і ЗША "на барацьбу з дыктатурай і развіццё дэмакратыі".



Андрэй Гайдукоў піша ў лісце, што яго арганізацыя плануе "інфармацыйныя палітычныя акцыі", якія мусяць у выніку прывесці "да звяржэння дыктатуры". Ён просіць "кансультацый" і "парадаў" ды фінансавай дапамогі. У лісце грамадскі актывіст прапануе варыянты пароляў і кодавых фразаў для сувязі з супрацоўнікам спецслужбаў.


"СБ. Беларусь сегодня" сцвярджае, што ЦРУ атрымала ліст беларуса, але ад устанаўлення з ім сувязі адмовілася.
 

Прыводзім цалкам тэкст ліста, надрукаванага газетай.

"Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША

З Еўропы, Беларусь

Гэты ліст адасланы ў Бюро, для тых, хто працуе з Усходняй Еўропай, у тым ліку з Беларуссю. Я прашу прабачэння за такі спосаб сувязі з-за адсутнасці іншай магчымасці. Я прашу адправіць гэты ліст па прызначэнні для далейшага прыняцця рашэння па гэтым пытанні — у офіс ЦРУ ў Літве.

Добры дзень. Мы прадстаўляем незарэгістраваную беларускую рэспубліканскую моладзевую арганізацыю “Саюз Маладых Інтэлектуалаў”. Арганізацыя існуе з 2006 года, яна аб’ядноўвае інтэлектуальную моладзь розных інтарэсаў, прафесій, узростаў. Гэта студэнты, псіхолагі, юрысты, ІТ спецыялісты і г.д.

Сферы нашай дзейнасці: палітыка, культура, адукацыйныя праграмы і мерапрыемствы, грамадзянская супольнасць.

Цяпер у Беларусі рэгулярна парушаюцца правы чалавека, нормы Канстытуцыі, што немагчыма для пабудовы Дэмакратыі. Дзеянні апазіцыі малаэфектыўныя. Апазіцыя разгромленая; вядомы лідары не маюць даверу грамадзян, неэфектыўна і не па прызначэнні размяркоўваюць фінансавую дапамогу, выдзеленую Еўропай і ЗША на барацьбу з дыктатурай і развіццё дэмакратыі.

Мы бачым шляхі вырашэння ў падрыхтоўцы маладых лідараў, правядзенні інфармацыйных палітычных акцый, пашырэнні прававых ведаў сярод грамадзян, што прывядзе ў выніку да звяржэння дыктатуры.

Супрацоўніцтва, у якім мы хочам наладзіць кантакты з Вамі, тычыцца інфармацыйных палітычных акцый. На сённяшні дзень яны адбываюцца ў недастатковай колькасці і ў асобна ўзятых рэгіёнах. У нас свой погляд на гэту сітуацыю, мы распрацоўваем канцэпцыю правядзення палітычных акцый. Мы хочам атрымліваць Вашы кансультацыі, парады ў гэтым пытанні. У выпадку калі Вас зацікавіць наша дзейнасць — фінансавую дапамогу для правядзення такіх акцый.

У нас ёсць магчымасць выехаць у Літву, для сустрэчы з Вашым прадстаўніком. Таксама такая сустрэча можа адбыцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, калі Вы палічыце гэта бяспечным. Просім не адказваць на зваротны адрас, пазначаны на канверце.

Звязацца з намі Вы можаце наступным чынам, выкарыстоўваючы ніжэйуказаныя кодавыя фразы. Гэтыя фразы варта адправіць электроннай поштай, на наступную скрыню: dubrowskii@*******.

У выпадку, калі Вы хочаце з намі сустрэцца, напішыце наступнае

1) Вы хочаце сустрэцца на тэрыторыі Літвы. Тэкст мусіць быць прыкладна такім — “Прывітанне, гэта Эля Добра адпачылі ў мінулы раз, прыязджай да нас у госці, вазьмі з сабой сябра для Ганны”. Надалей падчас перапіскі мы вырашым пытанне часу і месца.

2) Вы хочаце сустрэцца на тэрыторыі Беларусі. Тэкст мусіць быць прыкладна такім — “Прывітанне, гэта Эля. Буду праездам праз Беларусь, добра, калі пабачымся. Дата… ці будзе табе зручна?”.

3) Наша прапанова Вас не цікавіць. Тэкст мусіць быць прыкладна такім — “Прывітанне, гэта Эля. Прабач, я падумала над нашымі адносінамі, нічога не атрымаецца, у мяне ёсць жаніх. Прабач і бывай”.

З павагай..."

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі