Naka прапануе лот — кватэрнік за 700 еўра

Да спосабу краўфандынга Анастасія Шпакоўская і кампанія звяртаюцца не ўпершыню. Менавіта пры дапамозе “народнага фінансавання” быў запісаны і выдадзены апошні альбом NAKA “Довольна”. Але цяпер з музыкі прапануюць прыхільнікам не проста ахвяраваць грошы, а набыць адмысловая лоты.

“З’ява гэта стала дастаткова папулярнай. То бок, шмат каманд цяпер карыстаюцца краўфандынгам. Таму хацелася неяк вылучыцца і нечым яшчэ зачапіць людзей, апроч простай аб’явы”, — тлумачыць ідэю Наста Шпакоўская.

Сярод лотаў — наведванне рэпетыцыі, запісу, размяшчэнне прозвішча на дыску, кватэрнік. Распрацоўваецца лот “пабухаць” з Настай і Ірай — удзельніцамі Naka piano. Аднак пакуль, прызнаецца Наста, прыхільнікі ў асноўным проста пералічваюць грошы. Запіс альбома “Piano” патрабуе 2000 долараў. Праўда, чакаць поўнай сумы музыкі не збіраюцца.

Анастасія Шпакоўская: “Мы цяпер шукаем студыю. І, мяркую, альбом мы запішам раней. І сыдзем у адпачынак з ужо запісанымі трэкамі. Паколькі Naka piano — гэта толькі вакал і раяль, то тут няма такой складанасці, якая ёсць падчас запісу гурта поўным складам. Тут усё прасцей, таму і фігуруюць іншыя лічбы. Таму спадзяюся, што ўсё адбудзецца дастаткова аператыўна”.

Прэзентацыя будучай пласцінкі запланаваная на 28 верасня ў кавярні "Loft". Каардынаты для збору сродкаў можна знайсці на сайце гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі