Наколькі даражэй за звычайны снегапад абыходзіцца Мінску “Даніэла”
12 студзеня ў Беларусь прыйшоў цыклон “Даніэла”. Вуліцы гарадоў засыпала снегам, сотні населеных пунктаў засталіся без электрычнасці. Дырэктар аб’яднання “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка” Віталь Смірноў расказвае, што супраць “Даніэлы” выйшлі амаль усе мінскія дворнікі — 4770 чалавек, дапамагаюць ім больш за 275 самазвалаў, трактароў і пагрузчыкаў. Гэта ўдвая больш, чым падчас звычайнага снегападу:
“У штатным рэжыме, калі выпадае да 2 сантыметраў снегу, сантыметр там, прыкладна 140-150 адзінак тэхнікі працуе. Цяпер мы дадаткова прыцягнулі тэхніку з трактарнага завода, на кожным аб’яднанні ёсць тэхніка, якую абавязаныя даць. Яны нам яе далі. І ў выніку сёння прыкладна ў два разы больш яе працуе, чым звычайна”, — гаворыць Смірноў.
Дзе лепш прыбіраюць снег, ля Мінгарвыканкама, альбо на праспекце?
Мы параўналі, як працуюць камунальнікі ля сядзібы гарадскога начальства і ў іншых месцах цэнтра сталіцы. Высновы рабіце самі.
З дворнікамі крыху іначай. У звычайны снегапад вуліцы і двары ад снегу чысціць каля 3500 чалавек. Такім чынам “Даніэла” ўзняла ажно 1270 лішніх пар рук. Віталь Смірноў гаворыць, што шуфлі ў рукі пабралі амаль усе, хто мог:
“Сёння ўсюды 1-2-3 чалавекі ў дварах не проста свае машыны чысцяць, а дапамагаюць пачысціць двор. І калі свайго дома. А нашы супрацоўнікі шмат хто выйшаў з сем’ямі. І фактычна 99% нашых супрацоўнікаў сёння выйшла працаваць, толькі тыя, хто на бальнічных, не павыходзілі. А хто сёння быў выхадны, усе выйшлі”.
“У нас у зімовы перыяд вышэйшы каэфіцыент, чым у летні, але наколькі, я не ведаю, трэба пытацца ў кіраўніцтва. У нас пагадзінная аплата. Ці будзе выплата за тое, што столькі снегу выпала? Не ведаю, у нас жа на зімовы перыяд каэфіцыент вышэйшы, відаць, так”.
Хто заплаціць за барацьбу са стыхіяй? Грошы возьмуць з мясцовых бюджэтаў. Пакуль кошт наступстваў “Даніэлы” можна ацаніць толькі прыкладна.
“Гэта цяжка падлічыць. Машынагадзіна там жа розная, залежыць ад тэхнікі. Ну, у сярэднім гэта недзе 120-150 тысяч. Прыкладна. А гадзіна працы дворніка... нават смешна называць такія лічбы. 150 тысяч у дзень прыкладна. А гадзіна… зараз падлічу. Прыкладна 25 тысяч атрымліваецца”, — расказвае Смірноў.
Такім чынам, за працу лішніх 1270 дворнікаў гарадскія ўлады заплацяць нешта каля 200 мільёнаў рублёў (крыху больш за 10 тысяч долараў). Праўда, выніковая сума будзе большай — праца дворнікаў, якія выйшлі ў свой выхадны, аплачваецца ў падвойным памеры.
Нашмат складаней падлічыць, колькі будзе каштаваць праца дадатковай тэхнікі. Калі ў сярэднім кожны лішні самазвал адпрацуе па 8 гадзін, гэта абыдзецца гарадскому бюджэту прыкладна ў мільён рублёў. То бок яшчэ на 140 мільёнаў больш (прыкладна 6,5 тысяч долараў), чым звычайна. Агулам, пры самых прыблізных падліках, толькі прыбраць снег пасля “Даніэлы” ў Мінску будзе каштаваць на 16,5 тысяч долараў больш, чым пасля звычайнага снегападу.
На ліквідацыю наступстваў “Хаўера”, які мінчане добра памятаюць дагэтуль, было выдзелена ажно 7 мільёнаў 760 тысяч долараў.