Напад у Стоўбцах ураджэнца Грузіі на ДАІшніка трапіў на відэа
У Стоўбцах п'яны кіроўца напаў на ДАІшніка. Адбылося гэта падчас афармлення адміністрацыйных дакументаў. Як паведамляе прэс-служба МУС, здарэнне адбылося ў ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня. У супрацоўнікаў ДАІ, якія спынілі "Мазду", узнікла падазрэнне, што 31-гадовы кіроўца, жыхар раённага цэнтра, знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення. Яго адвезлі на медасведчанне ў бальніцу, вынік — больш за 1,2 праміле.
Па дарозе мужчына прасіў ДАІшнікаў яго адпусціць. Але высветлілася, што ён не мае правоў кіроўцы, а аўтамабіль узяў у знаёмай. А калі афармляліся дакументы, і адбыўся інцыдэнт, у выніку якога міліцыянер атрымаў "цялесныя пашкоджанні".
Затрыманы знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Стоўбцах. Вядома, што ён — ураджэнец Грузіі, раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці (за ўхіленне ад утрымання дзяцей і ад адбыцця пакарання — абмежавання волі). Па факце гвалту ў дачыненні супрацоўніка міліцыі распачалі крымінальную справу. Складзены і пратаколы аб адміністрацыйных парушэннях — кіраванні аўтамабілем без вадзіцельскіх правоў і знаходжанні за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Чакаецца, што пратакол складуць і ў дачыненні жанчыны-уладальніцы "Мазды".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.