"Нас усё адно паглынуць. Але яшчэ паўтара года ёсць"
Як маленькія крамы выжываюць побач з гандлёвымі гігантамі?
Здавалася б, невялікія безаблічныя крамы "Прадукты" з моманту адкрыцця побач з імі крам буйных гандлёвых сетак павінны былі знікнуць. А не! Гіпермаркеты будуюцца, а "Прадукты" застаюцца побач.
На мінскай вуліцы Жукоўскага літаральна дзверы ў дзверы — дзве крамы — "Гіпа" ды "Sidis". У "Гіпа" таўчэцца народ і ахова. Людзі перабіраюць садавіну і гародніну, мяняюць грошы ў абменніку і прыглядаюцца да мяса. Гэта ў любым аддзеле, акрамя хіба што мыйных сродкаў.
Пакуль іду у суседнюю меншую краму — "Sidis", заўважаю, як, мінаючы яе, пенсіянеры і моладзь шуруюць у гіпермаркет.
У "Sidis" пакупнікоў не гэтак шмат, як ў "Гіпа". Пытаюся ў прадаўцоў на касе, як суседнічае іх крама з гіперам?
"Ходзяць так…", — неахвотна кажуць прадаўцы-касіркі. Ахоўнік, нягледзячы на позіркі з-пад ілба касірак, ўстаўляе:
"Як зрабілі побач "Гіпа" пакупнікоў стала меней!"
Супрацоўнік крамы Клаўдзія прызнаецца, што закупляецца і ў… суседняй краме таксама.
"Я тут недалёка жыву — і ў нашу хаджу, і да суседзяў. Але апошнім часам больш тут. Бо, да прыкладу, болей выбар масла! А яшчэ, вось як ў гіпермаркетах садавіну перабіраюць пакупнікі, а мы адразу ўсё перабіраем самі, — заўважае Клаўдзія. — Некаторыя прадукты ў нас ёсць, а ў іх да, прыкладу, і няма. Я кашатніца, вось "Кіцікэт" шукала і ў "Гіпа", і ў "Еўраопце", а знайшла ў выніку ў нас". Жанчына некаторых пакупнікоў ўжо ведае ў твар. Яна сцвярджае, што сюды ходзяць тыя, хто дзеля аднаго малака не хоча стаяць у чэргах.
Збольшага, кошты ў гіпермаркеце ды звычайнай краме адрозніваюцца на 1-1,5 тысячы рублёў. Хлеб "Нарачанскі" ды "Траецкі", малако каштуюць аднолькава, а цыбуля ў звычайнай краме каштуе 7800, у гіпермаркеце – 6600, філе хека ў гіпермаркеце – 55 000 рублёў, у звычайнай краме… 43-49 000 рублёў.
Рушу ў міні-маркет "Віталюр", што на вуліцы Ляўкова. Цікава, што пакупнікі перш за ўсё ідуць да вялікага стэнда пасярод залы — "акцыі-зніжкі", шукаюць нешта цікавае, пераглядаюць рыбу. Прадаўцы заўважаюць, што суседства "вялікага брата" быццам бы ніяк не перашкаджае існаванню".
На шляху да наступнай кропкі нечакана знаходжу прывітанне з савецкага мінулага — краму "Гастраном", што належыць ОДО "Жывінка". Вывеска старая, старыя прыступкі, на ўваходзе аб'ява вакансій — патрабуюцца прадаўцы, грузчыкі, прыбіральшчыцы.
"Мы дзяржаўная сетка", — заўважае намесніца загадчыка крамы Ірына, калі папраўляе пячэнне на паліцах. Дзяўчына ўпэўнівае, што ад суседства з "Еўраоптам" ім ні холадна, ні горача, бо падстройваюцца пад сучасны лад.
"У нас, бачыце, таксама акцыі на сок, нармальны кошт для соку, я лічу. "Еўраопты" неяк інакш закупляюцца, таму ў іх танней".
Пытаюся, ці не спакушаюць Ірыну заробкі ў 5-7 мільёнаў, якія абяцаюць прадаўцам гіпермаркеты, намесніца дырэктара крамы рашуча аргументуе:
" Я не спакусілася, бачыце, якая ў іх цякучка? Значыць, нешта не так. У нас, праўда, таксама патрабуюцца людзі".
Зранку ля крамы "Прадукты", што ў мікрараёне Ангарскай, таўкуцца тыя, каму выпіць — і ўвесь дзень свабодны.
"Раней тут рынак быў, Універсам "Завадскі", заўсёды былі гандлёвыя кропкі, ўвесь час канкурэнцыя, так што нам нармальна", — кажа загадчыца крамы, калі пытаюся пра суседства "Еўраопта" ды "Рублёўскага".
“Канечне, з цягам часу гэта адбудзецца. Вунь на станцыі метро Магілёўская будуецца новы гіпермаркет “Гіпа”. Як толькі адкрыецца, нам стане зусім цяжка. Бо людзі выйшлі з метро, закупіліся ўсім, што трэба і ўсё мы будзем непатрэбныя. Але яшчэ паўтара года ёсць!” — падводзіць вынікі прадавачка “Прадуктаў”.