NASA ўпершыню перадало відэа з глыбокага космасу з дапамогай лазера
Героем першага відэа з глыбокага космасу стаў гадаванец аднаго з супрацоўнікаў кампаніі
NASA ўпершыню перадало відэа з глыбокага космасу з дапамогай лазера. Для першай перадачы выбралі 15-секундны ролік з рудым катом па мянушцы Татарс. На Зямлю яго адправілі з касмічнага апарата "Псіхея", які сёлета паляцеў да аднайменнага астэроіда.
Перадача вялася з рэкорднай адлегласці ў 31 мільён кіламетраў (прыкладна ў 80 разоў больш адлегласці ад Зямлі да Месяца). Для гэтага спатрэбілася 101 секунда (з максімальнай хуткасцю перадачы ў 267 мегабіт за секунду). Прадстаўнікі NASA адзначаюць, што лазер перадаваў відэа хутчэй, чым большасць шырокапалосных інтэрнэт-злучэнняў на Зямлі.
Героем першага відэа з глыбокага космасу стаў гадаванец аднаго з супрацоўнікаў кампаніі. На кароткі ролік, у якім Татарс ганяецца за лазернай указкай, наклалі графіку, якая ілюструе маршрут "Псіхеі", змяшчае тэхнічную інфармацыю аб лазеры, хуткасці перадачы даных ды іншае.
Даследаванні накіраваныя на стварэнне высакахуткаснага спосабу сувязі для перадачы складанай інфармацыі "ў падтрымку наступнага гіганцкага скачка чалавецтва: адпраўкі людзей на Марс".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.