"Настаўніца ў адпачынку": гісторыя выкладчыцы, якую не звольнілі пасля "сутак"

Як бацькі і школьнікі падтрымалі настаўнікі пасля "сутак" 
Як бацькі і школьнікі падтрымалі настаўнікі пасля "сутак" 

Заўтра настаўніца Аліса (імя зменена. — Еўрарадыё) будзе праводзіць класную гадзіну ў адной з беларускіх школ. Па задумцы Міністэрства адукацыі, разам з вучнямі яна павінна будзе скласці з літар слова "прэзідэнт". Аліса паспрабуе абысці гэта патрабаванне — ёй заўсёды было пра што пагаварыць з вучнямі, не звяртаючыся да анаграм.

Звычайна Аліса размаўляе са школьнікамі пра іх саміх. А летась школьнікі распытвалі пра яе. Яны пыталіся: "А вас добра кармілі ў турме?", "А вас не білі?". А бацькі школьнікаў пыталіся: вам патрэбна нейкая дапамога?

Мы пагаварылі з настаўніцай, якая пабывала "на сутках" і захавала працу ў школе.
 

"І перадавайце прывітанне сваім сукамернікам!"

"Для мяне, як і для многіх, усё пачалося 22 траўня, калі можна было пачынаць збор подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Усё закруцілася. Мы збіралі подпісы з іншымі маімі сябрамі-настаўнікамі. На педсходзе сказалі: наш завуч збірае подпісы за Лукашэнку, хто хоча, можа прыйсці і падпісацца. Але ніхто не прымушаў нас ні падпісвацца за яго, ні галасаваць. Потым пачаліся маршы. А потым мяне затрымалі", — расказвае Аліса.

“Учитель в отпуске”: история преподавательницы, которую не уволили после “суток”
"А потым мяне затрымалі" / Еўрарадыё

Суддзя пакарала яе суткамі арышту. Дырэктарка сказала школьнікам, што выкладчыца "ў адпачынку". Школьнікі захіхікалі, таму што ведалі, пра які "адпачынак" ідзе гаворка.

У камеры, у якой сядзела Аліса, была няроўная бетонная падлога, затое кашу давалі на малацэ. Да таго моманту, калі Аліса трапіла туды, яе сукамерніцам перадалі ўжо кучу ўсяго смачнага, можна было аб'ядацца цукеркамі. Сюды ж, у гэтую камеру, прыходзілі лісты — у тым ліку ад школьнікаў.

"Калі мяне адправілі на суткі, мне напісала мая вучаніца. Сказала, што яны ўсе мяне вельмі чакаюць, прасіла перадаваць прывітанне сукамернікам. Усё гэта было напісана па-беларуску. Хоць і з памылкамі, але ўсё роўна вельмі міла і вельмі прыемна", — расказвае Аліса.

У камеры для Алісы ўсё было новае. Яна яшчэ ні разу не сутыкалася з праваахоўнай сістэмай. Успамінае, як радавалася жучку, які прыляцеў да яе, пакуль яна стаяла тварам да сцяны ў РУУС адразу пасля затрымання. І як плакала, калі ўбачыла на сцяне камеры надрапанае "Жыве Беларусь!". Як здзіўлялася, калі суддзя па скайпе спытала ў яе: "Вы давяраеце суду?" Як плакала дзяўчынка ў камеры, калі прадстаўнікі праваслаўнай царквы прынеслі зубныя пасты, шчоткі, мыла.

"Адразу пасля таго, як я выйшла з турмы, мне патэлефанавала мая калега. Пыталася, ці ўсё добра, ці патрэбна дапамога. Бацькі школьнікаў тэлефанавалі майму былому мужу, прапаноўвалі забраць мяне на машыне. Я была ўдзячная, але мне не хацелася нікога бачыць: з турмы ты выходзіш увесь брудны, не хочацца, каб на цябе глядзелі, калі ты ў такім выглядзе", — успамінае Аліса.

Калі Аліса вярнулася ў школу, не ўсе дзеці распытвалі яе пра тое, як прайшлі дні пасля затрымання. У адным класе гэтую тэму палічылі табуяванай, іншым было няёмка. Затое ў трэцім не толькі распытвалі, але і самі расказвалі Алісе, што рабілася ў мікрараёнах, дзяліліся тым, што бачылі самі.

 

“Учитель в отпуске”: история преподавательницы, которую не уволили после “суток”
Пытанні ад дзяцей / rg.ru

Праз два тыдні ў Алісы быў дзень нараджэння. Бацькі яе школьнікаў прыехалі ў госці з кветкамі. Павіншавалі і паабяцалі: калі спатрэбіцца нейкая дапамога, ведайце, што мы побач.
 

"Потым выклікалі да дырэктаркі"

"Потым мяне выклікалі да дырэктаркі, праводзілі са мной некалькі гутарак. Я не ведала, як да гэтага ставіцца. З аднаго боку, мяне не звольнілі. І я не ведаю, ці былі для дырэктаркі праз гэта нейкія наступствы. Ці выклікалі дырэктарку кудысьці? Пазбавілі прэміі? Я да гэтага часу не ведаю, што за гэтым стаіць. Але тая размова для мяне ўсё роўна была не вельмі прыемнай", — успамінае Аліса.

Ёй не пагражалі звальненнем, але папрасілі напісаць тлумачальную. У ёй трэба было ўзяць на сябе абавязацельства больш не хадзіць на мітынгі. Аліса напісала проста, што "цалкам усведамляе сваю адказнасць" за тое, што здарылася. Такую тлумачальную не прынялі, але да канца года напярэдадні чарговага "Дня Х" маладую настаўніцу выклікалі да кіраўніцтва школы, каб высветліць, якія ў яе планы.

"Перад 25 сакавіка спыталі, што я буду рабіць, чым наогул цяпер займаюся. Сказалі: вы ж разумееце, што школа заўсёды будзе падпарадкоўвацца ўладзе. Я адказала, што школа, як вучыў Някрасаў, гэта месца, дзе сеюць "разумнае, добрае, вечнае", — успамінае Аліса.

У вайберы ў Алісы стаяла фота, на якім у яе ў руках быў бел-чырвона-белы сцяг.

"Мяне папрасілі: "Калі ласка, калі гэта магчыма, памяняйце здымак". Не казалі: "Калі вы не прыбераце гэты здымак, я вас звольнію!" Сказана было тактоўна: "Калі гэта не закране вас, калі ласка, памяняйце", — расказвае Аліса пра тое, як мела зносіны з адміністрацыяй школы.

"Магчыма, праз тое, што ўсе ведаюць маю пазіцыю, да мяне не прыходзілі з просьбамі падпісаць ліст супраць санкцый", — кажа Аліса і расказвае, што многія калегі яе падтрымлівалі. Пасля таго як яна вызвалілася, казалі, што ганарацца ёю.

Але на наступны дзень паехалі на "жаночую канферэнцыю" ў падтрымку дзейнай улады.

 

"У нас нікога не прымушалі галасаваць"

Адразу пасля выбараў Алісе не хацелася казаць, што працуе настаўніцай. Вінаватыя ўсе — а зрабілі вінаватымі настаўнікаў. А вось у камеры ёй падабалася расказваць, кім працуе.

"У турме я з гонарам казала: я настаўніца! І ўсе дзівіліся: ого, настаўніца — і тут. Для многіх было дзіўна, што настаўніца можа трапіць у турму за ўдзел у мітынгу", — успамінае дзяўчына.

Але адседка ў мінулым — зноў набліжаецца першага верасня. Сяброўка Алісы таксама працуе ў школе, і яна ў жаху ад таго, які план прыдумалі для першага верасня ў Міністэрстве адукацыі.

Як правядзе гэты дзень сама Аліса, яна пакуль не ведае. У цэлым жа выкладанне цяпер называе хаджэннем па мінным полі. Трэба быць вельмі выкрутлівым, каб ухітрацца выкладаць "нейтральна".

"Я магу не даваць дзецям гэтыя заданні накшталт "складзіце з літар слова "прэзідэнт". Але да мяне ў любы момант можа прыйсці праверка і спытаць, чаму я гэтага не раблю", — тлумачыць педагог.

Дзеці Алісу любяць, а яна любіць іх, але не думае, што затрымаецца ў сістэме адукацыі надоўга. Яе не звольнілі пасля "сутак", але яна плануе сысці сама. Не толькі "праз палітыку". Праз вялізны аб'ём папяровай працы, якая адрывае ад галоўнага — ад дзяцей.

"Хлопцам і дзяўчатам падабаецца, што я цікаўлюся іх унутраным светам, іх меркаваннем. Мы шмат размаўляем, а школа, на жаль, на гэта не разлічаная. Настаўнікі з кожным годам становяцца чарсцвейшымі, і можна зразумець чаму. У мяне ў класе 30 вучняў, і індывідуальны падыход, якому вучылі ва ўніверсітэце, у такіх абставінах немагчымы.

А дзецям, тым часам, падабаецца размаўляць. Іх цікавяць самыя складаныя тэмы: фемінізм, гвалт, супольнасць ЛГБТК+. Сёлета я дала хлопцам і дзяўчатам заданне напісаць сабе ліст у будучыню. Яны падымаюць пытанні любові да сябе, важнасці адукацыі. Яны думаюць не так, як думала я ў іх узросце, яны растуць хутчэй, у іх больш крыніц інфармацыі.

Гэта не плюс і не мінус, гэта рэальнасць. І ім патрэбны дарослы чалавек, які можа нешта параіць. У мяне вельмі добрыя адносіны з дзецьмі. Яны нават стварылі ў інстаграме фан-клуб са мной. Я люблю гэтых дзяцей, і мне было б шкада сысці са школы", — прызнае Аліса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі