Настаўнік: Збіраем бутэлькі, як бамжы

"Штодня ўсё настойлівей гучыць прапанова збіраць шклотару, — распавядае Еўрарадыё настаўнік з Клецкага раёна. — Камунальнікі не паспяваюць выканаць план. І, як заўжды, самая безабаронная арганізацыя — гэта школа. Нават даходзіць да таго, што просяць паглядзець дома па закутках, пляшкі прынесці, бо пагарым. Адміністрацыю “б’юць” за кожны паказчык".
 
Ініцыятыва ідзе з раённага аддзела адукацыі, а далей уключаецца звычайны ланцужок. Аддзел адукацыі напружвае дырэктараў, дырэктары класных кіраўнікоў, а тыя стараюцца напружыць вучняў.
 
"Хоць і ўсе ў гэтым ланцужку разумеюць, чым займаюцца. А, прабачце, прымушаюць займацца тым, чым на вачах часта займаюцца бамжы".
 
У раённым аддзеле адукацыі Еўрарадыё распавядаюць, што такая ініцыятыва сапраўды ёсць. Каб сабраць шкло, у адміністрацыі прыдумалі такую акцыю:
 
"Трэба было у той дзень, як толькі паставілі кантэйнер, напоўніць яго шклом. Установа, якая першая напаўняе цалкам кантэйнер, тэлефануе начальніку аддзела і дакладвае. У выніку прызёры едуць у Мінск на бясплатную экскурсію".
 
Гэтая акцыя разавая. Збіраць шкло — гэта выключна мясцовая ініцыятыва. А вось на працягу года праходзяць іншыя акцыі.
 
"Дзеці збіраюць макулатуру, рыззё, металалом. Па выніках, у канцы года, школа, канечне ж, атрымоўвае грошы. А дзеці на апошніх званках прэміруюцца".
 
Прэміі могуць быць і грашовыя, і граматы, спонсарская дапамога на клас ці асобных вучняў.
 
У адной са школ раёна распавядаюць, што макулатуру збіраюць школьнікі, а бацькі самі праяўляюць ініцыятыву — прывозяць газеты, старыя спісаныя сшыткі, каробкі.
 
"Макулатуру прыносяць з дома. Бацькі праяўляюць ініцыятыву. Папярэджваюць класных кіраўнікоў, што прывязуць. Прывозяць больш за 100 кілаграм. Калі не шмат, то дзеці самі прыносяць. Металалом мы здаём яшчэ, а шкло — пакуль не. Наколькі я ведаю, яшчэ не прывезлі на кантэйнер. Прымушаць не даводзіцца. Дзеці самі адклікаюцца на гэта. Самі разумеюць важнасць".
 
Але ж, аказваецца, ініцыятывы такія не толькі ў адным асобным раёне Беларусі. Па запыце, дзе ў Мінску можна здаць макулатуру, пошук выдае адказ з форума:
 
"У нас у садку заўсёды просяць. Можаце зайсці ў любы бліжэйшы, вам будуць удзячныя".
 
Вось так добрая на першы погляд справа становіцца дзіўным абавязкам садкоў і школ. У прыватным пункце прыёму макулатуры Еўрарадыё распавядаюць, што школы і садкі адны з іх пастаянных кліентаў.
 
"Вядома, здаюць. Вы звярніцеся ў выканкам, там вам раскажуць усё. Вы ў школе ў савецкім саюзе вучыліся? Раней гэта называлася "мільён радзіме", такая аперацыя прахадзіла пастаянна. Людзей нават прэміравалі, нейкія тур-паездкі давалі. Нешта падобнае адбываецца і цяпер".
 
Дарэчы, каштуе кілаграм макулатуры 450 рублёў. Гэта калі вы самі прывозіце.
 
Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі