Настаўнік здае ЦТ на 94 балы, рэпетытар ― на 93, выпускніца ― на 72
Спецыялісты, якіх Еўрарадыё папрасіла схадзіць на тэставанне, дзеляцца ўражаннямі ад сваіх вынікаў.
Усе "абітурыенты", якія напісалі сёлета цэнтралізаванае тэставанне па просьбе Еўрарадыё, даведаліся пра свае вынікі. Настаўнік беларускай мовы здае свой прадмет на 94 балы са 100 магчымых, рэпетытар па хіміі набірае 93, а выпускніца Лінгвістычнага ўніверсітэта піша англійскую на 72.
Максім Баравік, настаўнік беларускай мовы, 94 балы:
"Шчыра кажучы, незадаволены вынікам. Ну як так! Настаўнік, і робіць памылкі! У мяне іх дзве. Адна ў сказе, дзе падыходзіла і коска, і працяжнік, і дзвюхкроп'е. Там трэба было акурат паставіць знак прыпынку. А другая памылка — у першай частцы тэставання, дзе трэба абраць адказ. У наступным годзе пайду здаваць яшчэ раз, каб ужо сто балаў набраць дакладна".
Летась беларускую мову здалі на 100 балаў 15 чалавек. Два чалавекі набралі 0 балаў і дзве тысячы не змаглі набраць і 10 балаў. Сёлетнія вынікі пакуль не публікаваліся.
Настаўнік на тэставанні: У адным заданні падыходзілі і працяжнік, і коска
Вольга Лагунова, рэпетытар па хіміі, 93 балы:
"Прыблізна такога выніку я і чакала. Але заданне B-10, дзе ў мяне памылка, мяне засмучае. Там была задача на растворы, дастаткова аб'ёмная, шмат разлікаў. Я лічыла доўга, але не сумнявалася ў правільнасці. А сумнявалася ў іншай задачы, якая аказалася без памылак. Наогул, вучні нават сёлета не вельмі добра здалі, кажуць, што складаныя тэсты".
У мінулым годзе хімію на 100 балаў удалося напісаць аднаму чалавеку. Яшчэ адзін чалавек напісаў гэты тэст на 0, а 972 абітурыенты не змаглі накрэмзаць на 15 балаў.
Рэпетытар па хіміі на тэставанні: На такі тэст трэба 4 гадзіны, а не 2
Марта Філіпаненка, выпускніца лінгвістычнага ўніверсітэта, перакладчыца з англійскай мовы, 72 балы:
"Я ж нікуды не паступала, і гэта было для эксперымента, проста спроба, таму не хвалявалася, чакаючы выніку. Памылкі былі ў апошняй частцы, дзе трэба адказы пісаць. Я там і чакала памылак, калі ўжо выйшла з тэставання і пагугліла. Там, магчыма, з-за няўважлівасці памылкі. Калі я паступала пяць гадоў таму, здала англійскую на 55 балаў".
Выпускніца універсітэта на ЦТ: Было проста, але школьных ведаў не хопіць
Пяць чалавек ідэальна напісалі гэты тэст летась. Яшчэ чатыры не набралі ніводнага бала і 3,6 тысяч здалі ніжэй, чым на 20 балаў.
Ідэальны вынік на тэставанні сёлета атрымалі 277 абітурыентаў, перадае БелТА. Гэта па першасных падліках Міністэрства адукацыі. У мінулым годзе толькі 122 абітурыенты здалі тэсты на 100 балаў.