Нават айцішнікі: 50% беларусаў адчулі зніжэнне даходаў у 2020 годзе

Грошы / Еўрарадыё
Грошы / Еўрарадыё

Кампанія SATIO сумесна з незалежным даследчым цэнтрам BEROC зноў задала тысячы жыхароў Беларусі пытанні пра каранавірус, даходы і будучыню. Ці ўдарыла другая хваля каранавіруса мацней, чым першая? Як змяніліся даходы? Ці моцна на працоўны працэс уплывае пагроза затрымання супрацоўнікаў?

Вось што адказалі беларусы.

Галоўная апаска — калапс сістэмы аховы здароўя

73% рэспандэнтаў упэўненыя, што сітуацыя з COVID-19 у Беларусі найбліжэйшым часам будзе пагаршацца. У лістападзе прагнозы беларусаў больш песімістычныя, чым былі ў верасні і траўні.

Яшчэ больш людзей сталі баяцца калапсу сістэмы аховы здароўя і ўвядзення строгага каранціну. Таксама ў ліку трывожных наступстваў — зніжэнне заробкаў і дэфіцыт лекаў. 

Беларусы працягваюць адчуваць зніжэнне даходаў

Кожны другі з апытаных адзначыў, што яго даход знізіўся ў параўнанні з перыядам да пачатку пандэміі COVID-19. Толькі 6% сказалі, што іх заработная плата вырасла.

У сярэднім апытаныя беларусы мяркуюць, што за апошні месяц іх даход знізіўся на 30%. Амаль 37% рэспандэнтаў чакаюць яго далейшага зніжэння. Пазітыўна настроены толькі 6,3% беларусаў.

Даже айтишники: 50% белорусов ощутили снижение доходов в 2020 году
Пра даходы / SATIO

Асноўная прычына скарачэння даходаў, па думку рэспандэнтаў, — змена курса рубля. Таксама, у параўнанні з вясной, беларусы часцей сталі сутыкацца са звальненнямі і адменай павышэння зарплаты. З пазітыўнага — праблема змяншэння колькасці заказаў і кліентаў ужо не стаіць так востра, як у красавіку — траўні.

Заробкі падаюць нават у IT

Зніжэнне даходаў часцей за іншых адчуваюць супрацоўнікі сферы адукацыі, сельскай гаспадаркі, камп'ютарных паслуг і... IT. Напрыклад, зніжэнне зарплаты адзначылі 72,7% работнікаў сферы адукацыі і 51,3% — айцішнікаў. Таксама адчулі зніжэнне даходу прадпрымальнікі, самазанятыя, работнікі гатэляў і рэстаранаў, сферы гандлю і рамонту.

Паляпшаецца сітуацыя з заробкамі ў сферы транспарту і сувязі, паслуг, будаўніцтва і аховы здароўя.

Сабраных грошай хопіць ненадоўга

31,5% беларусаў адказваюць, што сабраных грошай у выпадку страты даходу ім хопіць менш чым на месяц. Толькі 7,6% апытаных гатовыя жыць на гэтыя грошы паўгода і даўжэй.

Даже айтишники: 50% белорусов ощутили снижение доходов в 2020 году
Пра сабраныя грошы / SATIO

Дарэчы, восенню беларусы сталі яшчэ менш давяраць нацыянальнай валюце і часцей пераводзіць свае грошы ў еўра і долары. 4% апытаных захоўваюць грошы ў банку, 20% ужо даўно пераводзяць назапашанае ў валюту, 43,8% не маюць сабраных грошай наогул.

Бізнес баіцца пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі

Галоўныя праблемы, з якімі цяпер сутыкаецца малы і сярэдні бізнес, — гэта зніжэнне попыту на ўнутраным рынку, нестабільнасць нацыянальнай валюты і рост дэбіторскай запазычанасці.

Асцерагаюцца прадпрыемствы перш за ўсё пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі. Напрыклад, больш за 40% работнікаў сферы будаўніцтва, творчасці, спорту, забаў і гандлю ўпэўненыя, што другая хваля паўплывае на іх дзейнасць горш, чым першая.

У ліку іншых апасак прадпрыемстваў — зніжэнне даходаў насельніцтва, макраэканамічная нестабільнасць і змяненне дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да бізнесу.

Айцішнікі турбуюцца пра затрыманні супрацоўнікаў

Новы трывожны фактар для беларускіх прадпрыемстваў — гэта пагроза бяспецы і затрымання супрацоўнікаў. Такія рызыкі больш за ўсё турбуюць работнікаў сфер інфармацыі і сувязі, IT, прафесійнай, навуковай і будаўнічай дзейнасці.

Радзей занепакоеныя затрыманнямі занятыя ў сферы творчасці, спорту, забаў і адпачынку. Што да рэгіёнаў, то з такой праблемай часцей за ўсё, мяркуючы па адказах рэспандэнтаў, сутыкаюцца ў Мінску і Мінскай вобласці, менш за ўсё — у Магілёўскай і Віцебскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі