Нават за 2000 долараў беларускія зоркі не застаюцца на фуршэт

У час святочных салютаў і феерверкаў Еўрарадыё вырашыла даведацца, як адгукнецца на кішэнях ахвотнікаў адпачыць асалода назірання сваіх улюбёных артыстаў, запрошаных у якасці зорак на навагодні карпаратыў. Навагодні “чос”-адзін са складнікоў паўнавартаснага жыцця нармальных музыкаў. Менавіта ў Новы год, нават самыя сур”ёзныя і ідэальныя, вяртаюцца да каранёў сваіх-весяляць натоўп, пераязджаючы з месца на месца. У час святочных салютаў і феерверкаў Еўрарадыё вырашыла даведацца, як адгукнецца на кішэнях ахвотнікаў адпачыць асалода назірання сваіх улюбёных артыстаў, запрошаных у якасці зорак на навагодні карпаратыў.

Пытанне наконт канкрэтнай сумы успрымалася музыкамі не зусім адэкватна...

Іна Афанасьева: ”Ой, якія вы цікавыя! Такія пытанні задаеце цікавыя! Вы лічыце, што Еўрарадыё вось зараз павінна апублікаваць мой ганарар? Калі я вам скажу, што карпаратыў каштуе 50 тысяч долараў, вас гэта задаволіць? Калі вы зойдзеце ў Інтэрнэт, вы знойдзеце ўсе цэны”.

А вось дуэт “Аляксандра і Канстанцін” ставяць пад сумнеў падобныя шчыраванні:

“Суму, вядома, я вам не назаву, таму што лічу глупствам чытаць нешта, кшталту ”Смолава зарабляе 5 000 еўра, і Лёша Хлястоў нейкія мільёны”-гэта ўсё смешна!” Справа ў тым, што, якое імя ў артыста-столькі ён і зарабляе. Чым вышэйшы ўзровень артыста, чым вышэйшае яго імя, тым больш ён можа зарабіць і забяспечыць сваё жыццё”.

Некаторыя беларускія рок-зоркі спаслаліся на камерцыйную таямніцу.

Лявон Вольскі: ”Кошт – гэта камерцыйная таямніца. Я фінансамі наогул не займаюся не ў адным з гуртоў. Вы можаце патэлефанаваць да Ані, хаця наўрад ці яна вам скажа. Таму што існуюць такія рэчы, як падатковая інспекцыя”.

А Ігара Варашкевіча нашае пытанне прымусіла рагатаць.

Варашкевіч:
“Зараз я раскажу (га-га). Колькі каштуем -- сакрэт, ніхто аб гэтым не ведае”.

Самыя ж шчырыя і смелыя ахвотна дзяліліся коштам сваіх навагодніх і не толькі канцэртаў.

Піт Паўлаў: “Мы граем за тысячу - гэта вельмі мала. На новы год мы робім двайны тарыф, нас 8 чалавек, таму тое, што ў звычайны дзень каштуе тысячу - у новы год — дзве”.

Гурт “Да Вінчы”: "Навагодні — ад трох, звычайны — па-рознаму, усё залежыць ад чалавека, калі просіць наш сябра — граем бясплатна”.

Цікава, што класічныя музыканты таксама выступаюць у якасці гасцей карпаратыўных вечарынак.

"Кошт залежыць ад таго, наколькі добры музыка, і дзе ён грае — чым больш людзей, тым даражэйшы канцэрт. Менш, чым за 500 еўра я б граць не выйшаў”, - прызнаўся лаўрэат міжнародных конкурсаў.

Што ж, шаноўныя, па ўсім відаць, што найтаннейшымі артыстамі пакуль з'яўляюцца класічныя музыкі, аднак, факт гэты спрэчны, бо толькі класічныя музыкі ацэньваюць сваю працу ў еўра-валюце.

З коштамі вызначыліся. Калі ж нехта з вас дагэтуль знаходзіцца ў пошуках карпаратыўнай зоркі, давайце высветлім, хто з вялікіх і магутных мае час і жаданне падараваць прыемныя хвіліны вам і вашым калегам.

"Да Вінчы”: “Усе дні забітыя, граем па 3 канцэрты ўдзень, замовіць выступ у нас яшчэ можна, залежыць усё ад месца, пераезду, перадыху, апарата. У сам НГ граем пакуль шэсць канцэртаў. Першых выходных ніколі не будзе, да 12-га ўсё распісана”.

Крамбамбуляне адстае ад калег-канкурэнтаў: “У нас рана пачынаюць святкаваць, каб пазбегнуць высокіх арэндаў. Таму занятая “Крамбамбуля" недзе пачынаючы з 10 снежня і заканчваючы Старым Новым годам”.

Аднак, праца-працай, а, адпачываць зоркам таксама патрэбна, а калі ж яшчэ адпачываць, як не ў Новы год?

Вось Іна Афанасьева будзе адпачываць: “У навагоднюю ноч я не граю канцэртаў, таму што, на мой погляд, я магу сабе гэта дазволіць".

Зміцер Вайцюшкевіч
амаль не ўдзельнічае ў “ёлачных”гонках:

“Наконт занятасці — у мяне нармальны рэжым, граю адзін канцэрт у тыдзень і вельмі добра сябе адчуваю ў гэтым сэнсе, і Новы год сустракаю на сваім хутары”.

І яшчэ… Гэтакі клас, патаньчыць пад Крамбамбулю, паспяваць разам з Крамай “алкагольныя” хіты, закідваючы чарговую чарку, паплакаць, слухаючы Вайцюшкевіча і ўсведамляючы сябе паняй “трошкі ў гадах”… І хочацца потым сесці побач з кімсьці з зорак і выпіць на брудэршафт. Толькі вось не ўсе зоркі пагадзяцца з вашай прапановый сесці за святочны стол.

Лявон Вольскі лічыць,што музыкам не варта прымаць падобныя прапановы:

“Мы не застаемся звычайна на фуршэты, няма ў гэтым ніякага сэнсу, і людзі разумеюць, што не варта нас запрашаць.  Дзеля ветлівасці запрашаюць, але мы з'язджаем, мы ўсё ж такі музыкі, нейкі арэол ёсць у нас, а тут мы будзем за сталом”...

Гурт “Без Білета” і ў дадзеным выпадку падкрэслівае свой статус зоркі высокага гатунку:

“На фуршэты ніколі не застаемся, бо там п'янкі-гулянкі, а мы не па гэтых справах”.

Вайцюшкевіч жа думае крыху інакш:

“Калі добрая кампанія і свае людзі — застаюся на фуршэт”…

Што ж, цяпер вы ведаеце аб усім, што тычыцца кошту зорак, іх занятасці ў час навагодніх святаў і адносінаў да фуршэтных прыгодаў.
Выбар за вамі!
Вяселых святаў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі