NAVI ананусуюць новы альбом беларускамоўным сінглам “Шчасце”

Як распавёў Еўрарадыё адзін з удзельнікаў каманды Арцём Лук’яненка, новы сінгл NAVI будзе беларускамоўным. Менавіта песні на беларускай мове ў гурта часта просяць фанаты:

“Нам кажуць, вось, у вас выдатна атрымліваецца, і мы б хацелі паслухаць больш песень на беларускай мове, ― тлумачыць Арцём Лук’яненка. ― Новых песень на мове у нас шмат, а пачаць прэзентацыю другога альбома мы вырашылі з сінгла “Шчасце”.

“Шчасце” абяцае быць больш дынамічнай і менш лірычнай у параўнанні з кампазіцыямі з дэбютнага альбома NAVI. У ёй музыканты распавядуць “не пра любоў чалавека да чалавека, а пра любоў да жыцця і імкненне да нечага новага”. Да таго ж, і ў новым сінгле, і ў будучым альбоме гурт зменіць гучанне ― дуэт ператварыўся ў паўнафарматны гурт з жывымі гітарамі і рытм-секцыяй. Прэзентацыя сінгла запланаваная на чэрвень.

Цяпер NAVI актыўна працуюць над песнямі для другога альбома, які плануюць выдаць напрыканцы зімы 2015 года. Пачаць працу ў студыі гурт плануе адразу пасля міні-тура, які пачнецца праз 2 тыдні.

“Хоць лірыка, натуральна, застанецца, але альбом атрымліваецца больш жывым і дарослым, ― кажа Арцём. ― Я асабіста вельмі адчуваю розніцу паміж гэтымі альбомамі, і яна каласальная”.

У межах міні-тура NAVI выступяць 18 траўня (Брэст), 23, 24 траўня (Алматы), 25 траўня (Магілёў), 29 траўня (Гомель), 31 траўня (Гродна), 1 чэрвеня (Мінск). Неўзабаве гурт аб’явіць даты выступаў і ў некаторых іншых беларускіх гарадах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі