Navi: Еўрабачанне — не наша тусоўка, нам няма чаго там рабіць
Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка распавялі Еўрарадыё пра планы на новы альбом, удзел у адборы на Еўрабачанне і інтуіцыю ў музычных справах.
Еўрарадыё: З якімі думкамі вы запісалі свой першы беларускамоўны альбом?
Ксенія: У альбом увайшлі песні, напісаныя пераважна летам і восенню. А некаторыя мы прыдумалі непасрэдна перад запісам, ужо ў снежні. Увогуле, ідэя запісаць альбом была даволі спантаннай. Мы атрымалі вялікую асалоду, пакуль запісвалі гэты альбом, і вельмі рады, што ў нас атрымаўся такі матэрыял — мы яго менавіта такім і ўяўлялі.
Арцём: Увогуле, наш план быў крыху іншым — пасля выхаду дэбютнага альбома “Лови”, мы думалі выдаць другі паўнафарматны альбом. Але прыйшла ідэя стварыць менавіта акустычны беларускамоўны альбом. Назбіраліся песні ў адным настроі, канцэпцыі, і каб перадаць гэтую атмасферу, мы вырашылі запісаць гэтыя песні на адну пласцінку.
Еўрарадыё: То бок, “Сонцам сагрэтыя” — гэта адмысловая беларускамоўная праграма, акрамя якой ёсць яшчэ новыя песні на рускай мове?
Ксенія: Іх мы плануем зрабіць пазней. “Сонцам сагрэтыя” — гэта як падарунак нашым слухачам, нашым блізкім і нам самім. Гэты альбом і яго прэзентацыя — як словы падзякі за беларускую мову.
Арцём: Мы прысвяцілі гэтую праграму Глыбоцкай раённай гімназіі, у якой я вучыўся і ўвесь працэс навучання праходзіў на беларускай мове.
Ксенія: Другая падзяка — ад мяне. Народнаму літаратурнаму тэатру “Жывое слова”. Мае бацькі ўдзельнічалі ў гэтым літаратурным тэатры падчас навучання ў педагагічным інстытуце, дзе і адбыліся мае першыя выступы, калі я была зусім маленькай. Менавіта тады я пачула шмат песень на беларускай мове, у тым ліку, “Стэфку” гурта “Крама”, на якую цяпер мы запісалі кавер.
Арцём: Мы крыху хваляваліся, калі адправілі наш варыянт песні Ігару Варашкевічу. Ён сказаў, што яму вельмі спадабалася, і даў “дабро”.
А трэцяя падзяка накіроўваецца радыё “Сталіца”, дзе я працую ўжо пяць гадоў. Думаю, менавіта штодзённыя эфіры на беларускай мове і дапамаглі мне напісаць песні для гэтага альбома.
Дарэчы, ёсць у альбоме і песня, якую напісала Ксюша — гэта песня “Дзякую”.
Ксенія: Так, на альбоме ёсць песні цалкам напісаныя Арцёмам. Але ў большасці выпадкаў мы ствараем песні разам.
Еўрарадыё: Наступны альбом будзе цалкам на рускай мове? Чаго чакаць?
Арцём: Як атрымаецца. Праграму “Сонцам сагрэтыя” мы вырашылі выпусціць асобна, бо гэта як працяг гісторыі тых жа герояў, якія былі і ў першым альбоме.
Ксенія: Толькі гэтыя героі крыху пасталелі (смяюцца).
Арцём: Альбом, які мы плануем выпусціць наступным, патрабуе большай падрыхтоўкі. Ён будзе “паўнагучным” — яго не запішаш за месяц, як акустычны. Але мы не будзем падзяляць яго па “моўным складніку” — як атрымаецца.
Еўрарадыё: Ці плануеце пашыраць склад гурта?
Арцём: Упэўнены, што мы зможам працягнуць працу з хлопцамі з EVAND BAND, разам з якімі мы рыхтавалі канцэртную праграму “Сонцам сагрэтыя”. Мабыць, у новым альбоме будуць якія-небудзь электрычныя песні. Але мы не хочам збіваць нашу канцэпцыю. Калі мы граем поўным гукам, у нейкім сэнсе мы становімся як усе. Мы не хочам страчваць нейкую інтымнасць і самабытнасць, якая ў нас прысутнічае.
Еўрарадыё: Што для вас азначаў адбор на Еўрабачанне і як вам было апынуцца сярод шэрагаў жадаючых узяць удзел?
Арцём: Мы не можам сказаць, што гэта ўсё гаўно і нікому не патрэбнае, таму што гэта неаб’ектыўна. Ёсць конкурс, ёсць журы. І калі мы туды ўсё ж сунуліся, трэба і адказваць за гэта. Для выступу мы абралі песню з новага альбома — “Выберу сам”. Гэта светлая і чыстая песня, якая падкрэслівае адну з ісцін у жыцці чалавека — заўжды рухацца наперад і памятаць, што ўсё будзе добра, калі ты сапраўды ў гэта паверыў.
Мы не рыхтавалі ніякага адмысловага нумару для "Еўрабачання", выйшлі ў “вышымайках”, у Ксюшы быў вянок на галаве. Хачу сказаць, што гэтыя музычныя “тусоўкі” вельмі адрозніваюцца, калі параўноўваць з іншымі канцэртамі і фестывалямі, на іх мы звычайна адчуваем сябе вельмі камфортна. А на “Еўрабачанні” — не. Не змаглі добра настроіцца, праспяваць.
Ксенія: Там нават атмасфера “цісне”. І ты разумееш, што ў гэтым няма ніякай душы. Нібыта фабрыка, дзе ўсе стаяць у чарзе, выходзяць, спяваюць. Ніякай унутранай працы.
Арцём: Мы, напэўна, зрабілі памылку. Нам няма чаго рабіць на “Еўрабачанні”. Гэта проста не наша тусоўка. Калі нас не абралі ў фінал, гэта не з’яўляецца індыкатарам нашай творчасці.
Еўрарадыё: Ад удзелу ў канцэрце “Песня году” у Маскве ў вас такія ж адчуванні засталіся ці наадварот? Як вы ўвогуле туды трапілі?
Арцём: Гэта ўсё задумаў тэлеканал АНТ. Нас запрасілі паўдзельнічаць літаральна за тры дні да выезду. Мы вырашылі прадставіць там беларускую песню “Абдымі мяне”. Вядома, гэта зусім іншае адчуванне, выступаць на такой вялізнай сцэне, перад вялізнай залай з вялізнымі дэкарацыямі.
Ксенія: Адчувала сябе мурашом!
Арцём: Усяго ад Беларусі паехала 10 артыстаў, прадстаўнікі нашай эстрады. Мы да іх, вядома, не маем ніякага дачынення.
Еўрарадыё: На якія творчыя эксперыменты вы гатовыя ісці для далейшага прасоўвання гурта?
Арцём: Эксперыменты ў нас заўжды прысутнічаюць. Напрыклад, наша апошняя праца — чорна-белы кліп на кампазіцыю “Одинаковые”. Нават сама песня атрымалася больш рокавай, што не зусім у нашай стылістыцы. І людзі на гэты эксперымент адгукнуліся добра, сказалі, што ў такім амплуа яшчэ не бачылі гурт.
Ксенія: Альбом “Сонцам сагрэтыя” — гэта таксама эксперымент. Мы шмат чаго робім інтуітыўна!
Еўрарадыё: Што ў беларускім музычным жыцці вы хацелі б змяніць ці адзначыць?
Ксенія: Адзначыць хочацца тое, што ідзе вялікая падтрымка беларускай культуры. І гэта вельмі прыемна! Людзі пачалі больш слухаць беларускія гурты, хадзіць на канцэрты.
Арцём: А змяніць можна шмат чаго, нават на самым крутым фестывалі. Хочацца, каб фестывалі ладзіліся пры належнай падтрымцы ці з боку спонсараў, ці міністэрства культуры — як на Захадзе. Тады зусім іншыя ўмовы і для арганізатараў, і для артыстаў. А калі арганізатары клапоцяцца толькі пра тое, каб не “уляцець” фінансава, ім ужо не да атмасферы, вядома.
Ксенія: А ўвогуле, больш гуртоў стала з’яўляцца на радыё і тэлебачанні. Гэта значыць, нашым каналам таксама цікава распавядаць пра маладыя беларускія гурты.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да саўнд-прадзюсараў? І ці ёсць такі чалавек з вамі?
Арцём: У нас ёсць чалавек, які нам дапамагае — гэта Артур Сцяпанаў. Я ненавіджу гэтае слова, саўнд-прадзюсар. Вельмі непрыемна, што некаторыя музыкі і людзі лічаць, што ў гурта Navi ёсць той, хто іх прасоўвае. Няма нікога! У нас проста ёсць чалавек, які дапамагае нам ствараць гук. Артур — наш сябра, які працуе з намі з самага пачатку. Ён правільна дапрацоўвае нашы ідэі, мы разам робім аранжыроўкі. І гэта не значыць, што ён нас прапіхвае. Саўнд-прадзюсар — гэта чалавек, які займаецца выключна гучаннем гурта, вось і ўсё. У нас ёсць каманда людзей, дзе кожны за нешта адказвае.
Еўрарадыё: Якія сучасныя артысты вам цікавыя?
Арцём: З-за таго, што я працую на радыё, мне вельмі цяжка выбраць. Бо музыкі вельмі шмат! Калі вылучаць беларускія гурты, мы любім гурты Re1ikt, "Нагуаль", Nizkiz, "Без Білета". З замежных выканаўцаў — гэта Ніно Катамадзэ, яна наш кумір.
Ксенія: Я вельмі люблю спявачку Kimbra. На маю думку, яе альбом "The Golden Echo" — адзін з лепшых рэлізаў гэтага года. Цудоўныя альбомы сёлета выйшлі ў Foo Fighters, Slipknot, Fink.
Еўрарадыё: Як бавіце вольны час па-за музыкай?
Ксенія: Музыка, у прынцыпе, усё жыццё і займае.
Арцём: Мы любім куды-небудзь выязджаць, любім адкрываць для сябе новыя краіны і месцы.
Ксенія: Мы вандроўнікі!