Навуковец: Бульба пры такім надвор’і не вымерзне, можа пашкодзіцца цыбуля
Другі дзень запар у Мінску зранку ідзе снег, а тэмпература ўначы блізкая да нуля. Але многія ўжо пасадзілі гароды на лецішчы і вёсцы. Пры такім надвор’і бульбе нічога не пагражае, а вось памідоры ці кветкі яблыняў могуць памёрзнуць.
Пра гэта ў размове з Еўрарадыё распавёў намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і пладаводстве, кандыдат сельскагаспадарчых навук Вадзім Маханько.
Вадзім Маханько: “Цяпер тэмпература на бульбу не ўплывае, бо зямля прагрэтая. Хто пасадзіў у сярэдзіне красавіка — так, там ёсць праблемы. Бо трэба саджаць калі тэмпература +8 градусаў. На цыбулю могуць паўплываць нізкія тэмпературы: могуць пайсці стрэлкі. Калі ўжо засадзілі парнікі, то варта другі слой накрыць — цяпліца ў цяпліцы. На моркву і буракі не ўплывае тэмпература”.
Мінусавыя тэмпературы могуць паўплываць на яблыні ці клубніцы. Клубніцы можна прыкрыць спанбондам(тканіна, якой прыкрываюць расліны), калі будзе "мінус". А яблыні лепш абкурваць вогнішчам пры мінусавой тэмпературы, дадае Вадзім Маханько.