Навуковец тлумачыць, навошта саджаць на лецішчы лаванду і… разводзіць паўлінаў

Лаванда

Лаванда / "Лаванда лепей"

Часам навуковец-хімік Сяргей Бесараб дае сябрам і сваякам парады пра тое, як… аздобіць лецішча!

— Я заўсёды раю сваякам і знаёмым глядзець на сваё лецішча яшчэ з эстэтычнага боку. Каб радавала не толькі тое, што там расце бульба — а каб расліны, жывёлы, сама ландшафтная арганізацыя прыносіла радасць.

Тут мы гаворым і пра водары (разам з араматычнымі раслінамі, якія іх генеруюць). І пра колеры (то-бок пра расліны, якія ад сезону да сезону мяняюць колер лісця). Усё гэта разам уздзейнічае на псіхалагічны стан чалавека, і на захадзе людзі прыйшлі да разумення важнасці менавіта камбінацыі стымулаў ўжо дзесяцігоддзі таму.

Сваёй маці спадар Сяргей параіў завесці на падворку дэкаратыўныя віды хатніх птушак. Можна фазанаў, а можна — нават хатніх паўлінаў! А што навуковец параіць для вашага лецішча? Распыталі яго пра ідэі.

Навуковец тлумачыць, навошта саджаць на лецішчы лаванду і… разводзіць паўлінаў
Паўлін / botanichka.ru

Наш суразмоўнік адразу папярэджвае: да гэтага пытання ён падыходзіць з навукова-тэхнічнага пункта погляду, і гаворка пойдзе пра функцыянальны ландшафтны дызайн ці нават функцыянальную фітаэрганоміку. То-бок расліны, якія мы вырошчваем, павінны несці дадатковы функцыянал.

 

1. Абараняем лецішча ад авадоў лавандай

— Па-першае, будуем так званыя асяродкавыя біялагічныя бар’еры. То-бок высаджваем расліны, якія з’яўляюцца генератарамі лятучых эфірных алеяў. І гэтыя выпарэнні ствараюць прасторавую сцяну паміж вашым лецішчам і наваколлем, як нейкае сілавое поле з фільма “Марскі бой”. Такія фітабарьеры не дазволяць завітваць у госці кляшчам ці камарам, якія летам акупуюць Беларусь.

Навуковец тлумачыць, навошта саджаць на лецішчы лаванду і… разводзіць паўлінаў
Кадр з фільма "Марскі бой". Вось гэтак жа старанна абараняйцеся ад кляшчоў / Universal Pictures

Гэтыя фітаперыметры фармуюцца з раслін, якія не толькі ўтрымліваюць лятучыя эфірныя алеі, але могуць генераваць іх. Самы просты прыклад такіх раслінаў — лаванда, садовы чабор, лімонная трава (цымбапагон). Добры эфект таксама дадуць ландыш і чаромха, але нюанс у тым, што гэтыя расліны добра працуюць толькі падчас квітнення.

 

2. Баронім глебу ад шкодных чарвякоў з дапамогай экзатычных гасцей

— Ёсць і глебавыя біябар’еры: тая ж чаромха, календула ці аксаміткі. Гэтыя расліны сваёй карнявой сістэмай генеруюць рэчывы, якія знішчаюць падземных шкоднікаў (гэта звязана з так званым эфектам алелапатычнасці). Калі мы аточым свой участак календулай, дык чэрві і нематоды да нас не прыйдуць.

А яшчэ з-за павелічэння колькасці хвароб і шкоднікаў Бесараб раіць саджаць культуры, нетрадыцыйныя для нашага рэгіёна. Але — яны павінны мець харчовую карысць.

— Можна паспрабаваць выкарыстоўваць амарант — гэта наш госць з Паўднёвай Амерыкі. Ён мае вельмі буйное прыгожае лісце і спажыўнае насенне, багатае на мікраэлементы. Я раіў бы яго вырошчваць абсалютна усім — ну ці прынамсі пачаць з таго, каб набыць і паспрабаваць кашу з гэтага насення. Таксама добры варыянт — насенне кіноа і чыа.

Навуковец тлумачыць, навошта саджаць на лецішчы лаванду і… разводзіць паўлінаў
Амарант / diardeur.blogspot.com

Усе гэтыя расліны могуць расці ў нашым рэгіёне. І хоць яны выглядаюць не надта дэкаратыўна, але могуць прынесці вялікую карысць у якасці харчовых прадуктаў.

— Яшчэ адзін вельмі цікавы аб’ект — канна. Ведаю, што часам у Беларусі гэтую расліну саджаюць як дэкаратыўную з-за яе кветак.  Але мала хто ведае, што гэта блізкі сваяк банана, які мае вельмі буйныя карані, багатыя на крухмал. Жыхары Паўднёвай Амерыкі запякаюць іх, як мы — бульбу. А з самога крухмалу робяць лапшу фунчоза.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць: гэтая кветка ўтрымлівае ў карэннях моцны сліміцыд — то-бок знішчае смаўжоў і слімакоў. Калі вам на ўчастку не патрэбныя смаўжы, можаце проста садзіць канну там, дзе яны канцэнтруюцца.

Навуковец тлумачыць, навошта саджаць на лецішчы лаванду і… разводзіць паўлінаў
Канна — па-першае, гэта прыгожа / Euroradio

Таксама расліна з’яўляецца моцным рэмедыянтам глебаў. Калі хочаце пачысціць глебу ад цяжкіх металаў, ці таксічных арганічных рэчываў, трэба, каб некалькі гадоў там расла канна. У такім выпадку, праўда, карэнне ў ежу ўжываць не атрымаецца.

Яшчэ адным цікавым фітарэмедыянтам можа быць такая пазнавальная расліна як тамарыск. Яго асаблівасць у здольнасці забіраць з глебы хларыд натрыя і акумуляваць яго (нават гіперакумуляваць) у лісці. У Беларусі існуе праблема засалення глебаў, звязана яна ў тым ліку з безкантрольным выкарыстаннем зімой пяшчана-салявых сумесей. Тамарыск тут можа дапамагчы.

З яго асаблівасцю да гіперакумуляцыі соляў звязана і яшчэ адна карысная якасць. Солі выступаюць у якасці антыпірэнаў, то бок гэта расліна не падтрымлівае распаўсюджанне агню і можа выступаць як адмысловы супрацьпажарны барьер.

 

Жывыя кветкі

— Людзям сталага веку рэкамендаваў бы падумаць пра “жывыя кветкі”. То-бок пра дэкаратыўныя пароды хатніх птушак. Іх важная якасць — яны самаўзнаўлюцца, іх проста карміць, проста даглядаць. Яны маюць яскравыя колеры і упрыгожваюць участак. Першыя, хто прыходзіць у галаву — дэкаратыўныя пароды курэй, хатніх фазанаў ці нават… паўлінаў. Яны дакладна дапамогуць дасягнуць прыгажосці лецішча у любы сезон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі