Назарбаеў хоча забраць у Лукашэнкі ролю міратворца па Украіне?

Назарбаеў хоча забраць у Лукашэнкі ролю міратворца па Украіне?

У сераду, 13 студзеня, у Мінску праходзяць першыя ў 2016 годзе перамовы Кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Ізноў дамаўляюцца пра “рэжым цішыні”, вызваленне палонных…

Але, як вядома, пра гэта ж перамоўшчыкі дамаўляліся і цягам усяго 2015 года. Нават адпаведнае пагадненне падпісалі з пералікам першачарговых крокаў па дасягненні таго ўрэгулявання. Агулам і фармат перамоў, і дасягнутыя “пагадненні” сталі вядомыя як “Мінск-2”. Праўда, у выніку ніводны пункт таго пагаднення так і не быў выкананы. І ў эфектыўнасці гэтага пакуль яшчэ наяўнага “Мінска-2” пачалі выказвацца сумневы. Нават больш за тое.

“З майго пункту гледжання, “Мінск-3” ужо існуе, — заяўляе кіраўнік украінскай дэлегацыі ў палітычнай падгрупе Кантактнай групы Раман Бязсмертны. —  З 1 студзеня пачаўся “Мінск-3”. Ніякага дакумента пра гэта няма, але філасофія ўнутраных працэсаў гаворыць пра тое, што “Мінск-2” нават на 50% не адпавядае сутнасці праблематыкі, з якой сутыкнуліся Украіна і свет на тэрыторыі ўкраінскага Данбаса. Відавочна, што гэта пацягне за сабой некалькі новых фарматаў”.

З тым, што “Мінск-2” як працэс урэгулявання, як фармат перамоў зайшоў у тупік, згодны і ўкраінскі дыпламат Вадзім Трухан. Эксперт нагадвае, што ўсе палажэнні “Комплексу мерапрыемстваў па выкананні Мінскіх дамоўленасцяў” ад 12 лютага 2015 года не выкананыя, усе тэрміны — пратэрмінаваныя. Таму, кажа Трухан, цяпер сітуацыя ў падвешаным стане і трэба выходзіць на новыя дамоўленасці, новыя фарматы. Але якія?

Вадзім Трухан: “Для Украіны важна дамагчыся палітыка-дыпламатычнымі метадамі пераводу працэсу перамоў у фармаце, дзе будуць браць удзел ЗША і Вялікабрытанія, плюс Кітай і Францыя, як краіны-гаранты па “Будапешцкім мемарандуме”, ААН і АБСЕ, плюс Еўрасаюз як самастойны суб’ект міжнароднага права. З тым, каб дасягнуць усеагульнага ўрэгулявання, якое б паказвала і спосаб вяртання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны па стане на люты 2013 года, і графік і ўзровень выплат рэпарацый з боку Расіі як агрэсара, і спосаб прыцягнення да адказнасці ўсіх асоб, незалежна ад грамадзянства, якія могуць быць абвінавачаныя ў злачынствах супраць чалавечнасці і ў ваенных злачынствах. Пра гэты фармат сёння трэба казаць”.

Іншая справа, што на перамовы ў такім фармаце наўрад ці пойдзе Крэмль. І тут узнікае адна цікавостка: у той жа дзень, калі ў Мінску збіраецца Кантактная група, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка вядзе тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Гавораць у тым ліку пра магчымасці ўвядзення на тэрыторыю Данбаса міратворчага кантынгенту. Што гэта — спроба Назарбаева перахапіць у Аляксандра Лукашэнкі ролю міратворца ва ўкраінскім крызісе?

Назарбаеў хоча забраць у Лукашэнкі ролю міратворца па Украіне?

“Трэба ўлічваць, што прэзідэнт Назарбаеў не з’яўляецца топ-палітыкам на глабальнай арэне, ён не той чалавек, які вызначае павестку дня ў міжнародных адносінах. Таму падчас двухбаковых перамоў паміж прэзідэнтамі Украіны і Казахстана размова будзе ісці выключна пра гандлёва-эканамічныя, гуманітарныя і гэтак далей сувязі з Казахстанам. Але прэтэндаваць на ролю міратворцы, ці чалавека, які здолее памірыць рэжым Пуціна з Украінай, Назарбаеву не даводзіцца”, — разважае Вадзім Трухан.

Ну, гэта мы так думаем, а “Усход — справа тонкая”, як казаў герой аднаго фільма. Таму звяртаюся па каментар да казахскага палітолага Жана Кашарбаева.

Назарбаеў хоча забраць у Лукашэнкі ролю міратворца па Украіне?

“Я не пагаджуся з тымі, хто кажа, што наш прэзідэнт спрабуе адабраць гэтую ініцыятыву ў прэзідэнта Беларусі. Мы ўсё ж настойваем на выкананні Мінскіх дамоўленасцяў і ніякіх свежых прапаноў, якія кардынальна адрозніваюцца ад Мінскіх дамоўленасцяў, у Астаны няма. Гэты крок скіраваны, мне падаецца, на палітычны самапіяр. Бо палітычнымі дывідэндамі не раскідваюцца, а гэта чарговы зручны момант, каб паказаць сябе як міратворац, як актыўны палітычны дзеяч на постсавецкай прасторы”.

Тым не менш, вопыт прапаноўваць сябе ў якасці пляцоўкі для міжнародных перамоў у Астаны ёсць. Да прыкладу, не так даўно казахі прапаноўвалі праводзіць у іх перамовы па іракскай ядзернай праграме. Апроч таго, кажа Жан Кашарбаеў, прэзідэнту Казахстана давяраюць як Кіеў, так і Масква. І таму не выключана, што Пуцін скарыстаецца Назарбаевым, каб праз яго перадаць нейкія свае прапановы Парашэнку, калі прэзідэнт Казахстана паедзе ў Кіеў на двухбаковыя перамовы.

Праўда, тут узнікае іншае пытанне: што такое перадаць ад Пуціна Парашэнку можа Назарбаеў, чаго не можа перадаць Лукашэнка? Асабліва з улікам таго, што стаць міратворцам ва ўкраінскім крызісе — гэта добры “палітычны самапіяр”…

Фота з архіваў Вадзіма Трухана і Жана Кашарбаева

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі