"Не бачу сэнсу міністру сыходзіць ў адстаўку з-за нейкіх скандалаў у міліцыі"

"Не бачу сэнсу міністру сыходзіць ў адстаўку з-за нейкіх скандалаў у міліцыі"

У лютым 11 крычаўскіх міліцыянтаў даслалі ліст міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. Яны скардзяцца, што кіраўніцтва прымушае іх выконваць "план па злачынствах" і аддаваць частку заробкаў. Таксама пішуць, што супрацоўнікам не даюць прэмій, а калі прэміруюць, грошы трэба аддаць кіраўніцтву.

Ці сапраўды ў міліцыі існуюць такія планы? Ці законна гэта? Як іх выконваюць і што бывае з тымі супрацоўнікамі, якія план не выканалі? Гэтае і іншыя пытанні абмяркуем у жывым эфіры Еўрарадыё з былым начальнікам Фрунзенскага РУУС Мінска, першым намеснікам старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алегам Гайдукевічам.

Цалкам размову з Алегам Гайдукевічам можна паслухаць тут:

Цытаты з размовы:

Планаў па колькасці складзеных пратаколаў за адміністрацыйныя правапарушэнні ў міліцыі няма. Але калі 11 чалавек пра гэта напісалі, то я веру, што так яно там і было.

Калі б я быў міністрам унутраных спраў, то маё б рашэнне было адназначнае: звольніць начальніка Крычаўскага РУУС, звольніць намесніка начальніка па ідэалогіі ― яны не здолелі забяспечыць нармальную працу калектыву.

Супрацоўнікаў, якія напісалі скаргу, я б перавёў у Мінск. Што ў тым Крычаве адбываецца ― кашалёк скралі, курыцу? Хай бы паспрабавалі ў Мінску сапраўднай працы і паказалі сябе ва ўмовах, калі няма часу скаргі пісаць і інтэрв’ю раздаваць. Бо гэта ўдарыла па іміджы МУС.

Як можна прэміі забіраць? Гэта крадзеж, за які трэба ў турму саджаць. І як там праводзіла праверку служба ўнутранай бяспекі, калі ніякіх парушэнняў не знайшла? Але ў тое, што такое адбываецца па ўсёй краіне ― не веру.

Цяпер павінна быць праведзеная комплексная праверка, але калі нават усе ўзгаданыя факты ― няпраўда, але начальнік міліцыі вінаваты ў любым выпадку. Калі яго супрацоўнікі ад няма чым заняцца ходзяць і раздаюць інтэрв’ю, калі яго супрацоўнікі пішуць міністру лісты ― гэта дрэнны начальнік міліцыі.

Супрацоўнікі, якія напісалі ліст міністру, ― таксама лайдакі. Супрацоўнікі павінны служыць, а не хадзіць і скардзіцца ды інтэрв’ю раздаваць. Настаўнік у школе на заробак не скардзіцца, а ты, афіцэр, ходзіш і слёзы льеш, як цябе там пакрыўдзілі!

Нецвярозымі начальнікі раённай міліцыі ездзяць за рулём ад гультайства. Начальнік міліцыі ў Мінску так не зробіць, бо ў яго працы шмат. А на раёне ― заробкі маленькія, а працы не шмат, вось і дазваляюць сабе рознае.

Супрацоўнік міліцыі павінен быць самым галоўным у краіне патрыётам і здаровым нацыяналістам. Ён павінен любіць Беларусь, усё беларускае, і адстойваць сваю краіну паўсюль. Тое ж тычыцца і ўсіх спецслужб. Інакш мы не захаваем краіну і яе суверэнітэт.

Супрацоўнік МУС ці іншых спецслужб, альбо арміі не можа мець падвойнага грамадзянства. Трэба яшчэ і па сваяках яго глядзець ― гэта павінна быць пад увагай і кантролем.

Я выпадкаў ілжэсведчання міліцыянераў не ведаю ― мне яны не сустракаліся ў маёй практыцы.

Мы павінны дэкрыміналізаваць адміністрацыйны кодэкс ― у нас вельмі шмат у краіне людзей, якіх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Нягледзячы на ўсе скандалы, я не бачу сэнсу міністру Шуневічу сыходзіць ў адстаўку. З-за таго, што нешта там здарылася ў адным РУУС і што нехта там напіўся, павінен не міністр сыходзіць у адстаўку, а тыя, хто за гэта адказны.

Ну і што, што міністр форму НКУС апрануў? Была і такая форма ― мы што, павінны плюнуць на сваю гісторыю?

Я з аднолькавай любоўю і павагай стаўлюся да бел-чырвона-белага сцяга ― гэта частка нашай гісторыі, і да чырвона-зялёнага сцяга ― з ім мой дзед хадзіў на фронт.

Я ніколі нікога не адпраўляў пад суд за “незарэгістраваную сімволіку”. А ўладзе даўно трэба прызнаць бел-чырвона-белы сцяг гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Колькасць супрацоўнікаў міліцыі ў нас на самой справе невялікая ― у нас не хапае ўчастковых інспектараў.

Не толькі справа знікнення Захаранкі (былы міністр унутраных спраў, знік 7 траўня 1999 года, ― Еўрарадыё) не раскрытая ― у нас безліч нераскрытых знікненняў, забойстваў. Як і ва ўсім свеце шмат такіх нераскрытых злачынстваў. Вось чаму забойства Шарамета да гэтага часу не раскрытае?!

Палітычным актывістам трэба менш па плошчах шастаць, тады і пратаколаў на іх не будзе. Сёння сэнсу ад стаянняў на вуліцы са сцяжком няма ніякага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі