Не толькі дыні і кавуны: у Лідзе плоданосіць інжыр (фота)
У Лідзе саспявае інжыр / lidanews.by
На адным з прысядзібных участкаў у Лідзе плоданосіць інжыр. Радзіма "біблейскага дрэва" — Аравійскі паўвостраў. Шмат інжыра расце ў Міжземнамор'і, дзе для яго найбольш прыдатны клімат. Як ні дзіўна, прыжылося дрэва і ў Беларусі. Саспелыя плады дасягаюць памераў сярэдняй грушы, лісце нагадвае вялізную руку!
Гаспадар участка Алег расказвае "Лідскай газеце", што 20-сантыметровы высадак інжыра (гатунак "Брунсвік") ён набыў 20 гадоў таму ў Цэнтральным батанічным садзе ў Мінску.
Першы год высадак рос дома ў гаршчку, потым яго высадзілі ў двух метрах ад паўднёвай сцяны дома, паколькі інжыр любіць цяпло, і сфармавалі ў форме куста. Зараз яго дыяметр і вышыня — каля 4 метраў.
Гаспадар "прыручыў" на сваім участку і іншыя культуры: буякі, бружмель, абрыкосы, персікі, вінаград, ляшчыну з вельмі буйнымі арэхамі, лімоны, мандарыны.