"Не выплацяць прэмію". Як беларусаў заганялі на выбары

Беларусаў прымушалі ісці на выбары

Беларусаў прымушалі ісці на выбары / @rubanau_collage

Кіраўнік ЦВК Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што беларусаў ніхто не прымушае хадзіць на выбары. Маўляў, зайсці ў аўдыторыю і праанансаваць будучае галасаванне — гэта не прымус.

Беларусы падзяліліся з Еўрарадыё гісторыямі пра тое, як іх "вельмі моцна прасілі" схадзіць на "адзіны дзень галасавання". Такія практыкі існуюць ужо даўно. Магчыма, кіраўнік ЦВК проста пра іх не ведае (ну-ну).

Маргарыта*, работніца адной з мінскіх устаноў культуры

— За тыдзень да выбараў дырэктар у агульны чат скінуў аб'яву, у якой нагадаў пра "адзіны дзень галасавання" 25 лютага і што наш грамадзянскі абавязак — наведаць выбарчы ўчастак. У чаце яго паведамленне ўсе праігнаравалі, таму назаўтра ён сабраў усіх работнікаў і паўтарыў сказанае ўжо ўжывую.

А ў першы дзень датэрміновага галасавання дырэктар яшчэ раз падняў тэму і сказаў, што выбары знаходзяцца на асобым кантролі кіраўніцтва. Ён запатрабаваў прад'явіць доказы ўдзелу, прыстрашыўшы, што калектыву не выплацяць прэмію (гэта каля 40% ад заробку).

25 лютага дырэктар зноўку скінуў аб'яву пра выбары ў агульны чат.

Уладзімір, работнік аднаго з прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці

— Калектыў у нас невялікі, і амаль усе работнікі ў перадпенсійным узросце. Усім у цэлым да лямпачкі, некаторыя нават не ведалі, што ў нас будуць праходзіць нейкія выбары. Але за тыдзень да галасавання, прыйшоў дырэктар і сказаў абавязкова схадзіць і аддаць свой голас і, пажадана, датэрмінова. Сказаў, што будуць звяраць спісы і тых, хто праігнараваў мерапрыемства, будуць караць. У прыватнасці, пазбаўляць такіх людзей прэмій.

Сяргей, студэнт адной з мінскіх ВНУ

— Як такой агітацыі ў нас проста не было. Так, ва ўніверы і ў інтэрнаце развесілі пару плакатаў пра будучыя выбары, не больш. На мінулым тыдні загадчыца кафедры, якая знаходзіцца з намі ў чаце групы, усім настойліва парэкамендавала схадзіць і прагаласаваць, таму што "для яе гэта важна". 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі