Недабудаваныя гатэлі : “У нас штодзень і Мясніковіч, і Ладуцька"

На ўвядзенне аб'ектаў да Чэмпіянату свету па хакеі дадаткова накіроўваюць 478,9 мільярдаў рублёў. Гэтае рашэнне ёсць ў Інвестыцыйнай праграме Мінска на 2014 год. Але куды пойдуць гэтыя грошы?

На "Чыжоўка-арэну" дэпутаты даюць дадатковыя 108 мільярдаў рублёў. У самой арэне чамусьці адкрэшчваюцца ад дадатковых грошай.

“А што ўжо тут будаваць у гэтай "Чыжоўка-арэне"? Шчыра кажучы, што тут ўжо будаваць, тут і так ўжо ўсё набудавана! Калі такія грошы, гэта на гасцініцу пры арэне”, — кажуць Еўрарадыё ў прэс-службе "Чыжоўка-арэны".

Яшчэ болей грошай даюць для гасцінічнага комплексу пры Нацыянальным алімпійскім камітэце: адразу 185 мільярдаў рублёў. Але і тут, быццам бы, да грошай ніхто не мае дачынення.

“Нас, штаб-кватэру і гасцініцу, раздзялілі ўказам прэзідэнта яшчэ ў 2012 годзе,” — у НАК удакладняюць, калі здадуць гатэль — у сакавіку. Але на што пойдуць дадатковыя 185 мільярдаў, тут нават не ўяўляюць.

Урэшце, знаходжу галоўнага бухгалтара гасцініцы “Вікторыя” — да іх адносіцца гатэль “Вікторыя-Алімп”. Наталля Аляксееўна ведае, куды пойдуць грошы.

“У нас будзе 4-х зоркавы гатэль, болей за 200 нумароў. Вы сабе ўяўляеце, чатырохзоркавы гатэль укамплектаваць? Якая бялізна для ложкаў, якія ручнікі — вось гэтага нічога яшчэ няма. Вось гэтыя сродкі пойдуць на гэта”, — кажа жанчына. І заўважае, што будаўніцтва будзе весціся да канца сакавіка, але і цяпер 90% гатоўнасці гатэлю ўжо ёсць.

У будучай 4-зоркавай гасцініцы будуць жыць арганізатары Чэмпіянату свету па хакеі. Але ці паспеюць з гатэлем?

“У нас тут штодзень і Мясніковіч, і Пракаповіч, і працоўны дзень не заканчваецца ніколі! Нават не справа ў тым, ці будзе сорамна, ці не, ці зганьбімся. Тут ужо гаворка пра тое, ці будзе, калі не справімся, і Наталля Аляксееўна, і дырэктар з намеснікамі. Але ў нас добрыя паказчыкі. Значыць, здадзім!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі