НІСЭПД: Рэйтынг Лукашэнкі знізіўся да 40%

Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў снежні ўпаў да 40% пасля вераснёўскага піку ў 45,2%. Гэта вынікае з апытання, якое зладзіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД), зарэгістраваны ў Літве.

Апытанне праводзілася ў пачатку снежня, да абвастрэння праблем на валютным рынку і змены кіраўніцтва ўраду і Нацбанка, то бок, гэтыя фактары яшчэ не паўплывалі на адказы рэспандэнтаў.

Таксама знізіліся рэйтынгі даверу да кіраўніка краіны: у верасні яму давяралі 53,5% рэспандэнтаў, а ў снежні — 49,9%.

На думку сацыёлагаў, падзенне ўзроўню падтрымкі выкліканае тым, што ў свядомасці беларусаў меншую ролю стаў адыгрываць украінскі фактар, калі “страхі татальнай дэстабілізацыі, якія ўзніклі пад уздзеяннем падзеяў ва Украіне, “засцілі рэальную рэчаіснасць для мільёнаў беларусаў”. Цяпер, паводле ацэнкі экспертаў НІСЭПД, эканоміка “ўсё болей вызначае стаўленне беларусаў да дзяржаўнай ўлады”.

Аднак нават на фоне зніжэння даверу да ўлады, рэйтынг апазіцыі па-ранейшаму застаецца нізкім: палітычным партыям давяраюць 16%, а не давяраюць каля 60%. Электаральны рэйтынг лідара кампаніі “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева сёння складае 3,5%, старшыні руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча — 2,8%, экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Міколы Статкевіча — 2,7%, лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі — 0,8%, старшыні партыі “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна — 0,7%.

У рамках усебеларускага даследавання НІСЭПД было апытана 1504 чалавекі, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%, піша TUT.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі