Nizkiz прадставяць Беларусь на польскім фестывалі Wake Up & Live
Гурт перамог на міжнародным рок-конкурсе X-Star адразу ў трох намінацыях.
У Брэсце прайшоў фінал 9-га міжнароднага конкурсу рок-гуртоў X-Star, удзел у якім узялі 22 каманды з Беларусі і Расіі. Пераможцам конкурсу стаў магілёўскі гурт Nizkiz, які атрымаў магчымасць выступіць на галоўнай сцэне Wake Up & Live у асноўны фестывальны дзень разам з пераможцамі з Германіі і Чэхіі. Фэст пройдзе з 30-га траўня па 1-е чэрвеня ў польскім горадзе Суленчын. Акрамя галоўнага прыза, Nizkiz атрымалі перамогу ў намінацыях “Лепшы вакал” і “Прыз глядацкіх сімпатый”.
Другое месца ў конкурсе заняў гурт Landau з Брэста, а трэцяе — смаленская каманда Laminin. У якасці падарункаў гурты атрымалі магчымасць запісу альбома ў студыі гуказапісу “X-Star” і гітару з асабістай калекцыі Томі Эмануэля з аўтографам, за другое і трэцяе месца адпаведна.
Сярод іншых пераможцаў — мінскі гурт GLORY у намінацыях “Лепшы гітарыст” (Зміцер Галавач) і “Лепшы бубнач” (Антон Іванюценка). Лепешым бас-гітарыстам быў прызнаны Яўген Ляўчук з гурта Landau.