"Новага ў продаж не завозяць два гады" — расонская газета піша пра пустыя паліцы
Расонская крама
Пра пустыя паліцы ў крамах і аўтамагазінах спажыўкааперацыі Расонскага раёна напісала мясцовая дзяржаўная газета.
Як сцвярджае "Голас Расоншчыны", на паліцах крам няма элементарных тавараў: "Шакалад, бісквітныя вырабы, рыба марожаная, рыбныя прэсервы, ёгурты — гэта сёння ў крамах раскоша".
Падобная ж сітуацыя і з нехарчовымі таварамі: "Ёсць у астатку некалькі найменняў шампуня, парашкоў, зубной пасты, боты (адна-дзве пары). Але новага ў продаж нічога не паступае ўжо больш за два гады".
У аўтамагазінаў, як піша выданне, "знос даўно склаў больш за 100%".
У райвыканкаме кажуць, што ведаюць пра гэтую праблему. Начальніца аддзела эканомікі райвыканкама Вікторыя Бадунова кажа, што чыноўнікі змагаюцца тым, што праводзяць пазапланавыя маніторынгі — адсочваюць якасць абслугоўвання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.