Новая методыка падліку балаў ЦТ: бязглуздзіца ці свабода для абітурыентаў?
Вынікі цэнтралізаванага тэставання 2019 года падлічаць па новай методыцы. Новыя правілы 17 кастрычніка агучыў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.
Згодна з методыкай, кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца свой бал, які абітурыент будзе ведаць загадзя. Цяпер можна не выконваць усе заданні. Дастаткова падлічыць, колькі балаў трэба, каб паступіць на запланаваны факультэт, і правільна зрабіць неабходныя заданні. Таксама нават за часткова правільны адказ у заданні можна будзе атрымаць бал. Старая методыка такога не прадугледжвала.
Якая неабходнасць у такіх зменах і што яны дадуць?
“Новая сістэма будзе стымуляваць адэкватную ацэнку абітурыентам самога сябе”
Настаўніца Ганна Севярынец лічыць новую методыку станоўчай ініцыятывай, якая дасць большую свабоду абітурыенту падчас тэставання.
“Раней кожнае заданне тэставання ацэньвалася, як яго выканалі астатнія вучні, — кажа Еўрарадыё Ганна Севярынец. — Калі большасць вучняў, напрыклад, заданне не зрабіла, за яго налічваўся максімум балаў. Цяпер кожнае заданне будзе мець канкрэтную важкасць балаў, якую абітурыенты будуць ведаць адразу. Чалавек не проста выконвае тэст і не ведае выніку, а ставіцца аналітычна да сваіх здольнасцяў. У абітурыента будзе магчымасць ацаніць сябе і спрагназаваць вынік”.
Аднак настаўніца папярэджвае, што вучні не павінны легкадумна ставіцца да новай сістэмы: “Не павінны выбраць, напрыклад, дзесяць заданняў на 60 балаў, вырашыць і пайсці, а павінны стварыць “падушку бяспекі”. Не проста матэматычна набіраць балы, а стратэгічна ўсё ўзважыць”.
Яна дапускае, што падчас падрыхтоўкі да ЦТ магчымыя нейкія маніпуляцыі з боку рэпетытараў, якія будуць рыхтаваць вучняў адразу да заданняў з максімальнай колькасцю балаў. Але карысці ад новай методыкі ўсё адно больш, лічыць Ганна Севярынец.
“Усё робіцца, каб падняць міфічны сярэдні бал”
Рэпетытар Яўген Лівянт называе новую методыку падліку вынікаў цэнтралізаванага тэставання бессэнсоўнай і незразумелай. На яго думку, аналагічнай была і папярэдняя.
“Я ведаю мэты, для чаго гэта зроблена, — кажа Еўрарадыё Яўген Лівянт. — Упэўнены, новую методыку выпусцілі не для таго, каб зрабіць сістэму падліку вынікаў ЦТ справядлівай і зразумелай. Любой цаной трэба падняць сярэдні бал на цэнтралізаваным тэставанні. Нейкі міфічны сярэдні бал... Каб можна было сказаць, што ў нас сярэдні бал па фізіцы не 18, а 40. Па матэматыцы — не 25, а 50. І думаю, што такія балы ўжо падрыхтаваныя на 2019 год і далей.
Таксама паднімуцца і прахадныя балы. Гэта значыць, не так будзе сорамна сказаць, што прахадны бал на падагагічны факультэт у нас не 100, як цяпер, а 250-300 балаў”.
Лівянт дадае, што ўсё роўна трэба вучыцца і атрымліваць адукацыю. На абітурыентаў, на думку рэпетытара, новыя правілы вынікаў падліку ЦТ не паўплываюць, бо і старая, і новая сістэмы для іх незразумелыя.