На ЦТ па фізіцы можна метадам тыку набраць 51 бал. Што думаюць дацэнты ВНУ?
"Ты ніколі не вырашыш праблему, калі будзеш думаць гэтак жа, як тыя, хто яе стварыў".Фізік Альберт Эйнштэйн, фота: socratify.net
У гэтым годзе паступіць у беларускія ВНУ можна будзе метадам тыку. Калі не зменіцца сістэма ацэнкі вынікаў ЦТ. Пра гэта заяўляе дырэктар рэпетытарскага цэнтра "100 балаў" Яўген Лівянт. Спецыяліст прайшоў дыстанцыйнае тэставанне па фізіцы на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і атрымаў ашаламляльны вынік.
"Заходзім на сайт РІКВ, адкрываем тэст па фізіцы, убіваем усюды ў адказы часткі А адказ 2, а ў частцы В наогул адказы не пішам, і атрымліваем 51 бал!!!" — распавядае Яўген Лівянт.
У гэтым годзе школьнікі праходзяць трэці этап тэставання ў сакавіку-красавіку. Сістэма ацэньвання на ім прымяняецца такая ж, як на ЦТ. А гэта значыць, што атрымаць метадам тыку прахадны бал і нават больш не складана, тлумачыць Лівянт.
Па словах Яўгена Лівянта, аналагічныя балы можна "натыркаць" і ў тэставанні па матэматыцы.
Больш за тое, падпісчыца рэпетытара Людміла Разанцава прайшла дзеля жарту тэставанне па... кітайскай мове.
"Убіла другі варыянт адказу ў частцы А і ў частцы В паставіла адказ "2" ва ўсіх заданнях. Вынік: 48 балаў. Можа, у МДЛУ падаць дакументы? — іранізуе яна. — Я раз’юшаная тым, як Міністэрства адукацыі новай "сістэмай ацэньвання" абясцэньвае (чытай "знішчае") адукацыю. Маўчаць нельга! Людзі, апомніцеся!!!"
Гаворка ідзе пра новыя правілы ацэнкі цэнтралізаванага тэставання. Згодна з гэтай методыкай, кожнаму тэставаму заданню прысвойваецца свой бал, які абітурыент будзе ведаць загадзя. Цяпер можна не выконваць усе заданні. Дастаткова падлічыць, колькі балаў трэба, каб паступіць на запланаваны факультэт, і правільна зрабіць неабходныя заданні. Таксама нават за часткова правільны адказ у заданні можна будзе атрымаць бал. Старая методыка такога не прадугледжвала.
Па словах Яўгена Лівянта, былы дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў пасля дзесяці гадоў пошукаў ўсё ж знайшоў тую мадэль ЦТ, пры якой балы налічваліся ў адпаведнасці з ведамі вучняў. Раней наўгад наторкаць больш, чым на дзесяць балаў са ста было нельга. Цяпер жа экзаменацыйнае тэставанне для абітурыентаў ператвараецца ў латарэю, а для выкладчыкаў — у галаўны боль.
"Таленавітых людзей імкнуцца зрабіць такімі ж, як усе"
"Не скажу, што старая сістэма ацэньвання добра адлюстроўвала ўзровень ведаў выпускнікоў, — каментуе Еўрарадыё эксперымент Лівянта дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУІР Жанна Чарняк. — Многія студэнты, якія атрымалі за ЦТ па матэматыцы сто балаў, у працэсе вучобы ведаюць прадмет не больш чым на пяць-шэсць балаў па дзесяцібальнай шкале. Хутчэй за ўсё, падчас падрыхтоўкі да ЦТ іх нацягалі на канкрэтныя тыпы задач, якія сустракаюцца падчас тэставання, яны змаглі іх рашыць, але працаваць творча не ўмеюць. З кожным новым навучальным годам сітуацыя пагаршаецца".
Выкладчыца распавядае пра аднаго свайго студэнта. Ён набраў 92 балы на ЦТ, а ў ВНУ не дацягваў да высокага ўзроўню. Праз нейкі час хлопец шчыра прызнаўся, што матэматыка заўсёды давалася яму цяжка.
"Вы, напэўна, не ў курсе, што уступнае ЦТ паўтарае трэцяе рэпетыцыйнае, — патлумачыў студэнт. — Проста я яго вывучыў на памяць, і адсюль мая адзнака".
Жанна Чарняк кажа, што цяпер будзе проста катастрофа.
"Мне здаецца, асноўная бяда не ў тым, што хтосьці наўгад здасць ЦТ. Хай сабе адгадваюць, калі мазгоў няма. Праблема ў тым, што новая сістэма падстрыжэ усіх пад адзін грабянец, — тлумачыць дацэнт. — Таленавітыя людзі, якія не рашылі адну-дзве задачы па матэматыцы, атрымаюць 80-90 балаў, астатнія — 50-60. Як правіла, у першых часта трохі кульгае філалогія, а другія, наадварот, могуць атрымаць па мовах высокія балы. У выніку сярэдні бал за ЦТ па ўсіх прадметах пры паступленні і ў тых, і ў іншых можа апынуцца прыкладна аднолькавым".
На яе думку, сістэму ацэнкі ЦТ мяняюць спецыяльна — каб паказаць значнасць сярэдняй адукацыі.
"Я лічу, што гэта кашмар, удар па лепшых нашых выпускніках, па таленавітых людзях. Іх імкнуцца сцягнуць да агульнай сярэдзіны і зрабіць такімі ж, як усе. І яны будуць з цяжкасцю паступаць на бюджэтныя месцы", — канстатуе Жанна Чарняк.
"Яны займаюць нечыя месцы, але гэта толькі вяршыня айсберга"
Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт, былы выкладчык БНТУ Аляксей Іваноў салідарны з калегам. Ён абураны тым, што цяпер паступіць ва ўніверсітэт можна, паставіўшы наўгад крыжыкі.
"Не факт, што атрыманых балаў хопіць, каб паступіць на нейкія прэстыжныя спецыяльнасці, затое іх можа хапіць, каб атрымаць абы-якую адукацыю для корачкі, — кажа ён. — У беларускіх ВНУ заўсёды можна знайсці факультэты, дзе будзе недабор нават на бюджэтныя месцы, на платныя — тым больш. Паставіўшы крыжыкі наўгад або рашыўшы прыклады на ўзроўні пятага-сёмага класаў, можна будзе набраць балы, якія перавысяць парогавае значэнне — і ўсё, вы паступілі ў ВНУ. Са сваімі прымітыўнымі ведамі".
Аляксей Іваноў лічыць, што цяпер у ВНУ будзе яшчэ больш студэнтаў, якія паступілі ва ўніверсітэт невядома навошта, а гэта падрывае навучальны працэс.
"Ёсць навучэнцы, якія максімум, што ў стане зрабіць — вывучыць азначэнне і, магчыма, вывесці нейкія формулы. Пры гэтым прымяніць іх на практыцы яны не могуць. Яны займаюць нечыя месцы, але гэта толькі вяршыня айсберга, — кажа дацэнт. — Адвучыўшыся некалькі гадоў, такія студэнты атрымаюць свае корачкі, але наўрад ці здольнасці дазволяць ім працаваць па спецыяльнасці.
У маім разуменні гэта змарнаваны час іх як асоб (яны выбралі не тое, чым сапраўды маглі б добра займацца па жыцці), змарнаваныя рэсурсы выкладчыкаў, а таксама грошы дзяржавы, таму што дзяржава атрымлівае спецыялістаў, якімі не можа скарыстацца".