Новыя акалічнасці забойства Паўла Шарамета

Новыя акалічнасці забойства Паўла Шарамета

8 лютага ў Кіеве прайшла вялікая прэс-канферэнцыя, на якой адказныя асобы раскрылі некаторыя падрабязнасці справы.

Прыярытэтная версія ― прафесійная дзейнасць

"Следства разглядае прыярытэтнай версію, звязаную з прафесійнай дзейнасцю Шарамета як на тэрыторыі Украіны, так і за яе межамі... Заслугоўваюць увагі тыя журналісцкія расследаванні, якія не былі завершаныя. Таксама разглядаецца версія прафесійнай дзейнасці журналіста за межамі Украіны. Публікацыі журналіста і выпускі яго праграм мелі крытычны характар у адносінах да дзеючай улады як у Рэспубліцы Беларусь, так і ў Расійскай Федэрацыі... Крытычныя выступленні і агучванне пазіцыі па экспансіі Расійскай Федэрацыі ў Чачні, Грузіі і Украіне таксама разглядаюцца як версія прафесійнай дзейнасці журналіста за межамі Украіны", ― расказаў начальнік Галоўнага следчага ўпраўлення Аляксандр Вакуленка.

Ён таксама адзначыў, што разглядаецца версія дэстабілізацыі абстаноўкі ва Украіне. Версіі з памылкай і асабістымі прычынамі не з'яўляюцца прыярытэтнымі.

Новыя акалічнасці забойства Паўла Шарамета

Апытана 1800 чалавек, прагледжана 150 тэрабайт відэазапісаў

Следчыя таксама апрацавалі ўсе эфіры з удзелам Шарамета і яго асабістыя запісы, у тым ліку рукапісныя, пачынаючы з 2007 года. З відэакамер Кіева прагледжана 150 тэрабайт відэазапісаў, гэтыя дадзеныя працягваюць вывучаць. Дапытаныя 1800 чалавек, 60 з іх ― з кола асабістых і прафесійных сувязяў.

 

Паліцыя мае фота меркаванага забойцы, але не публікуе яго

Следства па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета лічыць, што пакуль рана публікаваць фотаробаты забойцаў, заявіў міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў. "На відэа вы не можаце ўбачыць твар жанчыны. Мы спецыяльна яго замазалі... Мы не стаім у тупіку. Я калісьці сказаў, што калі мы апублікуем фотаробаты забойцаў, гэта будзе азначаць, што мы ў тупіку. Мы на гэтым брыфінгу не паказваем фотаробаты, больш за тое, закрываем асобу аднаго з падазраваных", ― сказаў Авакаў.

 

Для забойства выкарысталі элементы супрацьпехотнай міны і гексаген

"У аўтамабілі Subaru адбыўся выбух самаробнага выбуховага прыстасавання аскепкава-фугаснага дзеяння з электрычным спосабам прывядзення ў дзеянне", ― сказаў Вакуленка.

Па яго словах, выбуховая прылада была самаробнай, падчас яе вырабу выкарысталі элементы супрацьпяхотнай міны накіраванага дзеяння МОН-50. Міна была замацаваная магнітамі на дне аўтамабіля пад вадзіцельскім сядзеннем. Вакуленка таксама паведаміў, што ў прыладзе выкарыстоўвалася выбуховае рэчыва гексаген.

Новыя акалічнасці забойства Паўла Шарамета
Скрыншот з выявай меркаванай забойцы Шарамета.

Побач з месцам забойства Шарамета зафіксаваныя тэлефанаванні ў Расію

Арсен Авакаў расказаў, што падчас маніторынгу тэлефонных злучэнняў у раёне месца злачынства ў прамежку, блізкім да часу яго здзяйснення, зафіксавалі 1193 злучэнні з расійскімі абанентамі. "У той жа перыяд на падставе ўдзелу ў нейкім злёце прыхільнікаў адной з нетрадыцыйных цэркваў у Кіеў арганізавана заехала вялікая група грамадзян Расійскай Федэрацыі. Злучэнне мабільных тэлефонаў прадстаўнікоў гэтай групы зафіксавана паблізу месца жыхарства і працы Паўла Шарамета за некалькі дзён да злачынства і раніцай 20 ліпеня ў раёне выбуху", ― сказаў Авакаў.

 

Павел Шарамет быў забіты ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года. Аўтамабіль, на якім ён ехаў на працу, быў узарваны. Украінская паліцыя назвала забойства журналіста тэрактам, аднак ні арганізатараў, ні выканаўцаў дагэтуль не знайшлі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі